Калектыў Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства заўтра адзначае дзень кааперацыі

Актуальное

у дзень кааперацыі звычайна ўся ўвага надаецца прадаўцам, а вось прадстаўнікі такой прафесіі, як кладаўшчыкі, застаюцца ў цяні. Сёлета мы вырашылі выправіць гэтую памылку. Кладаўшчыкі Наталля Сікора, Алена Пальчэх, Ілона Янчык, Зоя Дэрман, Ала Фёдарава, Наталля Малюжанец, Ніна Пятрашка працуюць у райспажыўтаварыстве ўжо не адзін год і добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі

Заўтра адзначаецца дзень кааперацыі. Сярод тых, хто мае права назваць гэта свята сваім, прадстаўнікі калектыву Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства, які налічвае каля 450 чалавек. Складана ўявіць жыццё раёна без дзейнасці гэтай арганізацыі. 57 прадпрыемстваў гандлю, 5 аўтамагазінаў, 15 прадпрыемстваў грамадскага харчавання абслугоўваюць Шаркаўшчыну і 253 населеныя пункты раёна. На долю райспажыўтаварыства ў 2012 годзе прыходзілася 42,7 працэнта рознічнага тавараабарота ў раёне. На райспажыўтаварыства ўскладзены вельмі важны абавязак па гандлёваму абслугоўванню сельскага насельніцтва. Трэба сказаць, што затраты на функцыянаванне гандлёвых кропак у аддаленых населеных пунктах і работу аўтамагазінаў часта не пакрываюцца прыбыткам.

З арганізацыяй гандлёвага абслугоўвання насельніцтва непасрэдна звязана яшчэ адна важная задача — нарыхтоўчая. Райспажыўтаварыства вядзе нарыхтоўку больш за 20 відаў сельскагаспадарчай, дзікарослай, другаснай сыравіны. У раёне працуюць 7 нарыхтоўшчыкаў, адзін прымае прадукцыю дома.

Найлепшых паказчыкаў за 5 месяцаў 2013 года дасягнулі калектывы наступных гандлёвых прадпрыемстваў — магазін № 5 “Родны кут” (загадчыца Святлана Кашанцова), аўтамагазін (прадавец Вольга Альшэўская), магазін № 135 аг. Більдзюгі (загадчыца Алена Далецкая), магазін № 55 в. Дзіўнае (загадчыца Наталля Дзянісава), магазін № 138 в. Шкунцікі (прадавец Валянціна Варапаева), міні-кафэ “Піцэрыя” г.п. Шаркаўшчына (буфетчыца Наталля Лявіцкая), бар “Бістро” аг. Більдзюгі (буфетчыца Людміла Масло). Начальнік аддзела арганізацыі гандлю Жанна Васюцёнак і начальнік аддзела грамадскага харчавання Наталля Шымуковіч уносяць вялікі ўклад у развіццё падначаленых ім галін. Апраўданым аказалася адкрыццё ў межах развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы міні-кандытарскага цэха ў магазіне № 5 “Родны кут” (за 5 месяцаў 2013 года выраблена прадукцыі на суму 219,6 мільёна рублёў) і “Піцэрыі” на базе кафэ “Беларускае бістро” (за гэты год выраблена прадукцыі — піцы, паўфабрыкаты, кулінарныя вырабы — на 57,5 мільёна рублёў). Сёлета райспажыўтаварыства прапанавала шаркаўчанам новыя віды паслуг: у гарадскім пасёлку пачалі працаваць цырульня і шынамантаж.

Прыемна, што ў сістэме райспажыўтаварыства ёсць сямейныя дынастыі: сумленна адпрацавалі бацькі, цяпер іх справу працягваюць дзеці і нават унукі. Так, Арыяда Міхайлаўна Дзянісава працавала прадаўцом, цяпер эстафету перанялі дачка і зяць — Васіль і Ірына Бахіры. У Таісы Еўлампіеўны Ермаковіч, якая была спецыялістам па кадрах, у сферы гандлю заняты дачка Таццяна Казлоўская і ўнучка Таццяна Грыцыў, у Ядзвігі Чаславаўны Шыпіла — дзве дачкі Ірына Морхат і Алена Агрызко, унучка Ірына Морхат. Валянціна Васільеўна Удобкіна перадала сваю прафесію нарыхтоўшчыцы дачцэ Жанне Высоцкай.

Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *