І эстэтычна, і практычна

Общество

У рабочых паездках па раёне часта можна сустрэць людзей, якія займаюцца чым-небудзь незвычайным. Адны майструюць дома самаробную тэхніку, другія займаюцца вырошчваннем раслін-экзотаў, іншыя не ўяўляюць свайго жыцця без вандровак і падарожжаў.

У аграгарадку Германавічы пражывае Генадзій Мядзелец. Працуе мужчына ў мясцовай сярэдняй школе настаўнікам. Тэрыторыю яго ўтульнай сядзібы ўпрыгожваюць малыя архітэктурныя формы, невялікія збудаванні. А за домам некалькі год назад Генадзій Іванавіч выкапаў сажалку даволі ўнушальных памераў, каб і купацца ў ёй, і разводзіць рыбу.

— Не вельмі лёгка далася мне гэта справа, — кажа мужчына. — Спачатку сажалка напоўнілася вадой, але чамусьці ў хуткім часе яна апусцела і перасохла. Аказалася, што вада паступова ўпіталася ў грунт. Тады я знайшоў наступнае выйсце з такой сітуацыі: па ўсім дне сажалкі замацаваў вялікіх памераў спецыяльную плёнку, зверху заліў гэта бетонным растворам, каб вада не магла прасочвацца. А калі сажалка напоўнілася, я запусціў у яе рыбу. Цяпер тут жывуць ліні, самы, таўсталобікі, амуры, карпы. Калі ў марознае надвор’е на паверхні сажалкі пачаў з’яўляцца лёд, я сканструяваў са звычайнага кампрэсара ад бытавога халадзільніка аэратар. Дзякуючы гэтаму і сажалка не замярзае, і насельнікі вадаёма — рыбы пастаянна сілкуюцца кіслародам.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.