Уборка сельскагаспадарчых культур — вынік працы хлебароба на працягу ўсяго года

Сельское хозяйство

Уборка сельскагаспадарчых культур — гэта вынік працы хлебароба на працягу ўсяго года. У час “зажынак”  у ААТ “Агратэхсэрвіс” Ірына Генадзьеўна Міхалёнак — намеснік начальніка райсэльгасхарчу па раслінаводству — з аграрыямі раёна прааналізавала гатоўнасць гаспадарак да пачатку масавага жніва, расказала пра задачы, якія стаяць перад удзельнікамі важнай сельскагаспадарчай кампаніі:

— У гаспадарках раёна завяршаецца ўборка азімага рапсу. Тыя камбайнеры, якія былі задзейнічаны ў гэтай справе, прайшлі, так скажам, абкатку сваёй тэхнікі. Астатнім камбайнерам перад пачаткам уборкі трэба дасканала праверыць герметызацыю камбайнаў, рэгуліроўкі і настройкі ўсяго шлейфа машын і агрэгатаў, задзейнічаных на ўборцы і перапрацоўцы збожжа. Як гэта выглядае на практыцы, аграрыі мелі магчымасць азнаёміцца на прыкладзе падрыхтоўкі тэхнікі да ўборкі ў ААТ “Агратэхсэрвіс”. Удзельнікі “зажынак” не маглі не звярнуць увагу на неабходнасць забеспячэння супрацьпажарнай бяспекі ўсіх машын і агрэгатаў і яе захоўванне непасрэдна ў ходзе палявых работ.

Сёлета ў раёне выйдуць на жніво 90 камбайнаў розных марак, іх пераважную большасць складуць КЗС-1218. 90 працэнтаў наяўных уборачных машын будзе задзейнічана ў рабоце. Нагрузка на адзін камбайн складзе звыш 200 гектараў.

На палях раёна даспявае збажына на плошчы 20.996 гектараў. Менавіта сколькі неабходна ўбраць. Трэба сказаць, што кожнае новае жніво не падобнае на папярэдняе. Ва ўсім першую скрыпку грае надвор’е. Што можна было чакаць ад пасеваў азімых культур, калі да канца красавіка на палях ляжаў снег? Пасевы выйшлі з зімы аслабленымі і амаль дзве тысячы гектараў збожжавых давялося перасеяць іншымі яравымі культурамі. Толькі ў ААТ “Васюкі” і “Юдыцына” спісалі 600 гектараў пасеваў, на якіх зусім не было ўсходаў.

У той час, калі павінен быў налівацца колас, — засушыла. І зерневыя высыхалі на караню, нягледзячы на тое, што праводзілі мінеральныя падкормкі, уносілі фунгіцыды. Таму і разлічваць на вышэйшую, чым у мінулым годзе ўраджайнасць, не прыходзіцца.

Распачынаюць уборку гаспадаркі з падгарэлых участкаў і на бедных глебах. У кожнага сельгаспрадпрыемства на жніво свае планы, і кожнае будзе старацца правесці яго своечасова і без страт.

Гаспадаркі будуць падлічваць патрэбнасць у саломе. Частка яе будзе скручана ў рулоны і вывезена з поля да ферм або на ўскраек поля, а частка — здрабняцца адразу пры ўборцы. На такіх палях (бо будзе ўзорвацца глеба) у абавязковым парадку неабходна ўнесці азотныя тукі. Тады салома ў глебе пад уздзеяннем удабрэння — раскладзецца.

На належным узроўні павінна быць гатоўнасць да жніва зернесушыльных комплексаў і вагавых гаспадарак. Дарэчы, сёлета будуць працаваць новыя сушылкі маркі КЗСВ-30 у ААТ “Жвіранка”, “Даватарскі”, “Агратэхсэрвіс”,”Буеўшчына”, “Княж”, КУВСП “Гарадзец” і імя Маркава.

Словам, паспяховае правядзенне жніва ў раёне будзе залежыць ад выканаўчай і тэхналагічнай дысцыпліны на ўсіх узроўнях.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *