Механізатарскую справу любіць

Молодежь Общество

У час наведвання меліярацыйнага аб’екта каля аграгарадка Вялікае Сяло сустрэў маладога механізатара, які завіхаўся каля магутнага гусенічнага бульдозера. Вырашыў скарыстаць магчымасць і крыху пагутарыць з хлопцам.

Як высветлілася, малады мужчына, а завуць яго Сяргей Рудак, шаркаўчанін. Спачатку працаваў у ААТ «Даватарскі» вадзіцелем аўтамабіля, потым вырашыў крыху змяніць род дзейнасці і перавёўся ў прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Кіраўніцтва арганізацыі даручыла механізатару бульдозер кітайскай вытворчасці «Шантуй».

— Тэхніка хоць і не новая, але паломкі здараюцца з ёй даволі рэдка, — кажа Сяргей. — Больш вопытныя калегі дапамаглі мне асвоіць бульдозер замежнай вытворчасці, цяпер і сам спраўляюся з кіраваннем трактара. Некаторы час на дадзеным аб’екце працаваў на выкарчоўцы кустоўя і карэнняў дрэў. Цяпер прымацаваў да тэхнікі лапату і займаюся разраўноўваннем кавальераў (земляных насыпаў), закопваю пяском меліярацыйныя траншэі. Справа гэта мне па душы, бо з дзяцінства палюбіў тэхніку. Таму цяпер працую з ахвотай.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.