Гаспадаркі Шаркаўшчынскага раёна пачалі жніво

Сельское хозяйство

Сёлета ўмовы надвор’я, якое не вельмі радавала аграрыяў, паспрыялі таму, што ўборачная кампанія стартавала ў першай дэкадзе ліпеня. Пра тое, як сельгаспрадпрыемствы нашага рэгіёну падрыхтаваліся да ўборкі зерневых культур, нам расказаў начальнік аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці райсельгасхарчу Валерый Катовіч.

— Парк зернеўборачных камбайнаў, якія сёлета задзейнічаны на жніве, складае 49 адзінак. У сваёй большасці тэхніка эксплуатуецца шмат год. У некаторых гаспадарках камбайны абмалочваюць зерневыя па дзесяць і больш сезонаў. Зыходзячы з фінансавых магчымасцяў стараемся набываць новыя машыны. Сёлета з прадпрыемства «Гомсельмаш» па аднаму камбайну «Палессе» КЗС-1218 набудуць ААТ «Агратэхсэрвіс» і КУВСП імя Маркава. Акрамя гэтага кормаўборачны камбайн «Палессе» КГ-6 закупіць ААТ «Княж», а ААТ «Даватарскі» набудзе кормаўборачны камбайн «Палессе» КВК-800.

Яшчэ да пачатку ўборачнай кампаніі падрыхтаваны і знаходзяцца ў рабочым стане дзесяць сушыльных зернеачышчальных комплексаў, тры з якіх (ААТ «Даватарскі», «Агратэхсэрвіс», КУВСП імя Маркава) працуюць на прыродным газе. Згодна з распараджэннем старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама з арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў гарадскога пасёлка і раёна дадаткова задзейнічаны на розных відах работ 15 чалавек, з якіх 5 працуюць на зернеўборачных камбайнах.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.