У Шаркаўшчыне амаль кожны дзень працуе тэхніка дарожных арганізацый

Актуальное

У гарадскім пасёлку амаль кожны дзень працуе тэхніка дарожных арганізацый. На вуліцах і завулках, на прыдамавых тэрыторыях ідзе ўкладка асфальтабетоннага пакрыцця. Разам з работнікамі Шаркаўшчынскіх ДРБУ-131 і ДБУ-26 працуюць і іншыя спецыялізаваныя арганізацыі Віцебшчыны, у прыватнасці, ДРБУ-145 г. Глыбокае.

У час пасяджэння рабочага штаба па падрыхтоўцы да абласных «Дажынак» намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус акцэнтаваў увагу прадстаўнікоў дарожных арганізацый на тым, што не толькі вуліцы гарадскога пасёлка павінны быць у належным стане, дарогі раёна таксама трэба прывесці ў парадак. У прыватнасці, Уладзімір Мікалаевіч падкрэсліў, што адрэзак аўтамабільнай дарогі з Дзісны да Шаркаўшчыны каля вёскі Юзэфова патрабуе рамонту.

Дырэктар ДРБУ-131 Вячаслаў Гарбузаў неадкладна накіраваў туды спецтэхніку і за невялікі прамежак часу работнікі дарожнай арганізацыі ліквідавалі ямы і выбоіны, паклалі новае асфальтабетоннае пакрыццё. Такім чынам, пакрысе ідзе рамонт дарожнага пакрыцця ў шматлікіх накірунках на тэрыторыі раёна.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.