На новым зернеўборачным камбайне «Палессе» шчыруе механізатар КУВСП імя Маркава Дзмітрый Осіпаваў

Сельское хозяйство

Як паведамлялі ў папярэднім нумары нашай газеты, ААТ «Агратэхсэрвіс» і КУВСП імя Маркава набылі новыя зернеўборачныя камбайны «Палессе» GS12A1 PRO. З першага дня яны заняты на жніве.

На марках розных зернеўборачных камбайнаў за гады працы давялося шчыраваць механізатару КУВСП імя Маркава Дзмітрыю Осіпаву.

— У пачатку 1990-х гадоў я ўбіраў збажыну на «Ніве» СК-5, — успамінае Дзмітрый Савельевіч. — Потым у гаспадарках з’явілася сучасная па тых часах зернеўборачная тэхніка — камбайны «Дон-1500», якія выраблялі ў расійскім горадзе Растоў-на-Доне. Як усе мы ведаем, у пачатку 2000-х гадоў актыўнымі тэмпамі пачало развівацца айчыннае машынабудаванне. Прадпрыемства «Гомсельмаш» стала выпускаць беларускія зернеўборачныя камбайны. Якасць айчыннай тэхнікі праверана часам. 90 працэнтаў зернеўборачных камбайнаў, якія працуюць на палетках нашай рэспублікі, з’ўляюцца беларускімі. Тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы. Гомельскія машыны пад маркай «Палессе» пастаянна ўдасканальваюцца, ідзе іх мадэрнізацыя. Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства за тое, што менавіта мне даверылі новую сучасную тэхніку. Папярэдні камбайн, на якім я ўбіраў збажыну пятнаццаць сезонаў, цалкам выпрацаваў свой тэхнічны рэсурс. Спадзяюся, што новая тэхніка цалкам апраўдае сябе. Буду працаваць на «Палессі» на станоўчы вынік.