
Настала гарачая пара для вясковых хлебаробаў, тых, хто закладваў мінулагодняй восенню і сёлетняй вясной аснову пад ураджай 2016 года. Уборачная кампанія ў раёне ў поўным разгары. Адзін за адным ідуць аўтамабілі са збожжам з сельгаспрадпрыемстваў раёна на Шаркаўшчынскі вытворчы ўчастак Глыбоцкага камбікормавага завода. Гаспадаркі спяшаюцца здаць дзяржаўны заказ па пшаніцы.
— Сёлета запланавана прыняць на нашым участку 7.100 тон гэтай зерневай культуры, — паведаміў нам старшы майстар участка Іван Лабуць. — Большая частка, а гэта 4.400 тон, будзе адпраўлена на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў, астатняя — на Глыбоцкі камбікормавы завод. Найбольшы план здачы пшаніцы ў АТТ “Даватарскі” — 1.400 тон. Першыя грузавыя аўтамабілі з зернем пачалі прыходзіць 26 ліпеня менавіта з гэтай гаспадаркі, пасля далучыўся ААТ “Агратэхсэрвіс”. Каб своечасова прымаць транспарт і працаваць без затрымкі, з 28 ліпеня наш участак перайшоў на кругласутачны рэжым работы — у дзве змены па 12 гадзін кожная. Складскія памяшканні загадзя былі падрыхтаваны да прыёмкі зерня: вымыты, пратручаны, пабелены. У спраўным стане знаходзяцца і тры разгрузачныя кропкі, што дазваляе весці працу на іх адначасова. Дадаткова на перыяд нарыхтоўкі прынялі на працу чатырох чалавек, папярэдне правёўшы з імі адпаведную вучобу.
У лабараторыі поўны аналіз прывезенага зерня з кожнай аўтамашыны праводзіць тэхнік-лабарант Людміла Казлоўская.
— Сёлета зерне да нас пачало паступаць чацвёртым класам, — тлумачыць спецыяліст. — Абумоўлена гэта, у першую чаргу, паніжаным утрыманнем у ім клейкавіны — 19—20 працэнтаў. Тым не менш, зерне добрай якасці. Вызначыць гэта нам дазваляе адпаведнае абсталяванне, якое знаходзіцца ў спраўным стане і прайшло праверку.

За час нашай невялікай гутаркі аўтамабіляў з зернем ураджаю 2016 года на тэрыторыі вытворчага ўчастка значна прыбавілася, таму мы не сталі перашкаджаць спецыялістам, а пажадалі плёну ў іх працы. Вядома, што і ад іх таксама, як і ад вясковых хлебаробаў, залежыць тое, якім важкім будзе сёлетні каравай.
Сяргей РАЙЧОНАК.
