Уборачная кампанія ў КУВСП “Гарадзец”

Сельское хозяйство

Уважлівы чытач не мог не заўважыць, што ў раённай газеце з нумара ў нумар  у ліку перадавікоў жніва раёна з КУВСП “Гарадзец” адзначаецца экіпаж Юрыя Цішонка і яго памочніка Іллі Квяткоўскага. На рахунку камбайнераў 283 гектары ўбранай збажыны і намалочана 588 тон зерня. Як працуецца моладзі на выкананні сельгасработ? Што садзейнічае поспеху? Каб атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні, мы і накіраваліся ў гаспадарку. Сустрэліся з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталляй Віктараўнай Катушонак. Даведаліся, што па намалотах экіпаж трымае першынство сярод камбайнераў гаспадаркі і хлопцы заслужылі ўзнагароды.

маладыя камбайнеры Юрый Цішонак і Ілля Квяткоўскі з заслужанай узнагародай

З вясёлай усмешкай, задаволеныя, выскачылі з камбайна  маладыя работнікі хлебнай нівы Юрый Цішонак і Ілля Квяткоўскі. Абодва студэнты пятага курса, толькі адзін займаецца ў БНТУ, а другі ў БДАТУ. Як высветлілася, яны пяты год у час летніх канікулаў у сезон удзельнічаюць ва ўборачнай кампаніі гаспадаркі і кожны раз паспяхова.

— Усім задаволены, — прызнаюцца хлопцы. — Іначай бы не працавалі. Нас ніхто не прымушае. Нам проста самім цікава ўбіраць збажыну.

Перадавікам вытворчасці ўручылі пераходныя вымпелы і каштоўныя падарункі.

— А вымпелы мы забярэм з сабою ў нашы навучальныя ўстановы. Будзем фарсіць перад аднакурснікамі, — жартавалі хлопцы.

Трэба сказаць, што днём раней прайшоў моцны дождж, і камбайнеры змаглі выехаць у поле толькі пасля абеду, калі ніва падсохла. Сярод іх Іван Кірсанаў з памочнікам Нілам Маркевічам, Мікалай Абрамчык з памочнікам — сынам Яўгеніем, Юрый Леановіч і названы маладзёжны экіпаж пасля ўрачыстай хвіліны накіраваліся ўбіраць ячмень ва ўрочышча Мачта, што ў аддзяленні Верацеі.

аператары збожжасушыльнага комплексу Сяргей Мяцеліца і Казімір Ласоўскі

Едзем далей на збожжаток. Там прывёз чарговую аўтамашыну збожжа пад разгрузку шафёр Эдуард Зубко. На аўтамашыне МАЗ- 555 ён перавёз 515 тон збожжа. Эдуард Эдуардавіч трымае першае месца ў працоўным спаборніцтве сярод вадзіцеляў гаспадаркі, яму таксама заслужаная ўзнагарода  — пераходны вымпел і каштоўны падарунак. Тут жа памочніца кладаўшчыка Наталля Крыўко ўзяла пробу зерня на вільготнасць.

без дапамогі Сяргея Крыўко з трактарам “Амкадор” на збожжатаку не абысціся

Далей прадукцыя поля ідзе на ачыстку і дасушку. Якасць апрацаванага збожжа залежыць ад пільнай работы аператараў сушыльных комплексаў. У гэты дзень на зернесушыльным комплексе ЗСК-10 працавалі Сяргей Мяцеліца і Казімір Ласоўскі, а на новым, высокаэфектыўным “Ліда-КЗСВ-30” сачылі за прасушкай збожжа Анатолій Самуйла і памочнік Дзмітрый Крыўко. Дарэчы, Дзмітрый сёлета закончыў школу і паедзе вучыцца ў Глыбоцкі прафтэхліцэй.

Дадзенай змене давядзецца больш напружана папрацаваць, бо збожжа пасля дажджу набрыняла.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *