Шчасце, калі побач родныя

Общество

Ганна Брылёва, жыхарка невялікай вёскі Старое Сяло Германавіцкага сельсавета, нядаўна сустрэла свой юбілейны дзень нараджэння.

Нарадзілася жанчына ў вёсцы Шышкі. Пасля заканчэння школы марыла стаць педагогам, але, каб паехаць у горад жыць і вучыцца, патрэбны былі грошы. Бацькі ж, якія шчыравалі ў калгасе, іх амаль не мелі. У тыя далёкія часы за працадні вяскоўцам у сельгасарцелях налічвалі мізэрныя заробкі, якіх ледзьве хапала на харчы і набыццё сціплай вопраткі.

Таму, атрымаўшы атэстат сталасці, Ганна пайшла працаваць у Велікасельскую бібліятэку, сама стала зарабляць грошы. Праз год дзяўчыну перавялі на пасаду піянерважатай у мясцовую школу. Так жанчына звязала свой далейшы лёс з настаўніцкай справай, навучаннем і выхаваннем дзяцей. Калі паступіла на завочнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава, Ганне прапанавалі пасаду настаўніцы хіміі і біялогіі ў Ямненскай базавай школе. І хоць гэта вёска знаходзілася на значнай адлегласці ад Шышак, шляхоў зносін амаль не было, маладая настаўніца дала сваю згоду. А праз два гады зноў жа вярнулася ў Велікасельскую школу, дзе і адпрацавала да выхалу на заслужаны адпачынак спачатку настаўнікам хіміі і біялогіі, а потым завучам. Тут выйшла замуж, разам з мужам Фамой стварылі сям’ю, нарадзілі і выхавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў.

У вельмі маляўнічым месце знаходзіцца сядзіба Фамы і Ганны Брылёвых у Старым Сяле. Дом літаральна патанае ў зеляніне пладовых дрэў і кустарнікаў, разнастайных кветак, ёсць тут нават фантан, альтанка. А размяшчаецца сядзіба на стромкім беразе ракі Дзісны. Навокал цудоўныя краявіды — адно замілаванне.

Павіншаваць Ганну Брылёву з юбілейным днём нараджэння завітаў намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Васілеўскі, які па даручэнні кіраўніка раёна Дзмітрыя Ламака ўручыў імянінніцы Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, актыўную жыццёвую пазіцыю. Да віншаванняў далучыліся таксама старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Міхалёнак, прадстаўнік раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы Зоя Кабак. Усе госці пажадалі юбілярцы моцнага здароўя, доўгіх год жыцця ў акружэнні сваіх родных і блізкіх людзей.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.