Диалоговая площадка «Партнёрство государства и семьи в интересах поколений»

Общество

В детской библиотеке по инициативе районной организации «Белорусский союз женщин» состоялась диалоговая площадка «Партнёрство государства и семьи в интересах поколений»

«Партнёрства дзяржавы і сям’і ў інтарэсах пакаленняў» —  менавіта так называлася дыялогавая пляцоўка, якую арганізавалі і правялі супрацоўнікі Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі сумесна з раённай арганізацыяй ГА «Беларускі саюз жанчын».

— І ў нашым рэгіёне нямала жанчын, якія займаюць актыўную пазіцыю, становяцца паспяховымі ў прафесіі, удзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна і пры гэтым застаюцца захавальніцамі сямейнага ачага, клапатлівымі гаспадынямі, жонкамі і маці, —адзначыла падчас адкрыцця дыялогавай пляцоўкі яе вядучая, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Гагалінская. — Беларускі саюз жанчын — за моцныя сем’і. А лідары грамадскага аб’яднання ў чарговы раз  сабраліся разам, каб абмеркаваць ролю і месца Беларускага саюза жанчын у папулярызацыі сямейных каштоўнасцяў.

На мерапрыемстве ў бібліятэцы прысутнічала Даната Жынгель, якая ўзначальвала раённае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын» на працягу 20 год. І сёння гэта актыўная жанчына з’яўляецца яркім прыкладам паспяховага кіраўніка, маці і бабулі. З удзельніцамі дыялогавай пляцоўкі яна падзялілася вопытам сваёй работы з сем’ямі.

Шматдзетная маці Валянціна Абрамава выказала думку аб тым, што менавіта дзеці з’яўляюцца рухавіком прагрэсу і крыніцай натхнення для сваіх матуль. А галоўнае ў сям’і — давяраць, любіць, аберагаць адзін аднаго і быць разам.

Настаяцель Свята-Успенскага храма ў Шаркаўшчыне, протаіерэй Пётр Бараноўскі павіншаваў усіх удзельніц мерапрыемства са святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы, расказаў пра яго, а таксама аб тым, як важна, каб у сям’і была духоўная састаўляючая. Сям’я пачынаецца з любові і дае чалавеку шчасце.

Марына Каланда, начальнік аддзела загса нашага раёна паведаміла аб тым, што адным з пытанняў, якое  хвалюе жанчын, з’яўляецца тэма сучаснага шлюбу. На жаль, інстытут сям’і перажывае негатыўныя змяненні, у тым ліку няўстойлівасць сямейных саюзаў, рост колькасці паўторных шлюбаў, наяўнасць гасцявога і грамадзянскага шлюбаў, якія не знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Натарыус раёна Жанна Сініца падчас свайго выступлення больш падрабязна спынілася на пытаннях шлюбнага дагавору і сямейнага капіталу, а таксама расказала, з якімі пытаннямі часцей за ўсё сем’і звяртаюцца ў натарыяльную кантору. На памяць аб сустрэчы ўсе прысутныя атрымалі памятны фотаальбом «Шаркаўшчына-520», які ўручыла спецыяліст аддзела ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама Тэрэза Міштоўт.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.