У ААТ «Жвіранка» мясцовыя аграрыі справіліся з запланаванымі задачамі

Сельское хозяйство

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Жвіранка» сёлета было запланавана пасеяць 790 гектараў яравых зерневых культур. З дадзенай задачай мясцовыя аграрыі справіліся. У гэтым мы ўпэўніліся, калі трапілі на палеткі сельгаспрадпрыемства.

Частка тэхнікі была сканцэнтравана ў аддзяленні «Вішнявец». Ва ўрочышчы Граўкі вялася падрыхтоўка глебы і сяўба ячменю. За працэсам сачыў дырэктар гаспадаркі Пётр Ананька.

— Плошча ўчастка складае 28 гектараў, — тлумачыць кіраўнік сельгаспрадпрыемства. — З-за пераўвільготненасці глебы тэхніка рухаецца вельмі цяжка. Першы след робіць з дыскатарам Сяргей Карпаў, потым Аляксандр Андруковіч праводзіць культывацыю, за ім Алег Андруковіч загортвае ў глебу насенне ячменю. Паралельна ідзе падбор камянёў, гэты працэс ажыццяўляе Яўгеній Пятрашка. На падвозе насення задзейнічаны Уладзімір Ананіч. Усяго ж сёлета трэба правесці яравую сяўбу на плошчы 2105 гектараў. Аб’ёмы даволі значныя, калі ўлічваць той факт, што зменлівае надвор’е ўносіць свае карэктывы ў ход пасяўной кампаніі. Паралельна з сяўбой яравых зерневых своечасова загарнулі ў глебу насенне яравога рапсу на плошчы 50 гектараў. Вядзём сяўбу зернебабовых, кукурузы. Царыцу палёў трэба пасеяць на плошчы 1050 гектараў. У вырошчванні кукурузы ёсць свае нюансы. Па-першае, насенне дорага каштуе, а па-другое, гэта культура патрабуе шмат арганічных і мінеральных удабрэнняў. Толькі так можна разлічваць на высокі ўраджай. На ўсёй запланаванай плошчы правялі падкормку азімых культур, а таксама іх хімічную праполку.

У гутарцы з кіраўніком гаспадаркі адчувалася, што ён перажывае за справу, якой прысвяціў сваё працоўнае жыццё. Таму Пятра Ананьку амаль ніколі не сустрэнеш у сваім кабінеце. Ён заўсёды ці на жывёлагадоўчых аб’ектах, ці на палетках побач з механізатарамі, або вырашае вытворчыя пытанні ў раёне ці ў Глыбокім.

Калі размаўлялі з дырэктарам, у культыватары здарылася паломка, патрабавалася зварка. Аператыўна прыехаў электрагазазваршчык Пётр Сідараў, з дапамогай іншых механізатараў няспраўнасць у тэхніцы ліквідавалі і трактарыст Аляксандр Андруковіч рушыў у поле.

Праца — працай, але і падсілкавацца чалавеку таксама трэба своечасова. Гэтым займаюцца работнікі сталовай сельгаспрадпрыемства, якія двойчы ў дзень развозяць гарачыя абеды і падвячоркі механізатарам на палеткі.

Паліна Марцынкевіч — навучэнка трэцяга курса Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа. У «Жвіранку» дзяўчына трапіла на вытворчую практыку.

— Сёння на абед я прывезла суп са свежай капусты, грэчневую кашу, каўбасу і кампот, — кажа будучы дыпламаваны повар. — Наогул, меню у нас разнастайнае, прадукты заўсёды свежыя, ніхто з тых, хто харчуецца ў полі, ці непасрэдна ў сталовай, прэтэнзій на прыгатаваныя стравы не мае.

Смачна падсілкаваўшыся, механізатары завялі рухавікі сваіх трактароў і дружна рушылі на палеткі. Пасяўная ў «Жвіранцы» выходзіць на фінішную прамую.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.