У Мінску прайшла адкрытая рэспубліканская спартакіяда сярод спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў прафсаюзаў па таэквандо. Больш 200 прадстаўнікоў з 25 каманд змагаліся за перамогу. У іх ліку і 9 юных спартсменаў Шаркаўшчынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, падрыхтоўкай якіх займаецца трэнер Ігар Іваноў. Наш рэгіён на спаборніцтвах прадставілі Сяргей Грыдзюшка, Ягор Райчонак, Максім Катовіч, Арцём Сякерын, Максім Лакотка, Ігар Лапуцька, Ягор Табола і Яна Сініца.
— Шаркаўшчынскія спартсмены годна выступілі за свой раён, дэманструючы майстэрства, якое адточвалі падчас карпатлівых штодзённых трэніровак, — расказаў дырэктар Шаркаўшчынскай ДЮСШ Аляксей Курачонак. — У тройку прызёраў адкрытай рэспубліканскай спартакіяды ўвайшлі Яна Сініца, адзіная ў камандзе дзяўчына, якая заваявала трэцяе месца, Ягор Райчонак — 2 месца і Максім Катовіч 1 месца. Пры гэтым захапляльная барацьба вялася ва ўсіх узроставых групах.
Ягор Райчонак і Максім Катовіч выступалі ў вагавай катэгорыі 37 кілаграм, у якой за перамогу змагаліся 16 юных спартсменаў з усёй краіны. Увогуле, перамагчы ў спарынгу на рэспубліканскай спартакіядзе зусім няпроста. Тут неабходны не толькі сіла і правільнае тэхнічнае выкананне прыёмаў, але і высокая хуткасць мыслення, уменне прадбачыць дзеянні саперніка. Па рэзультатах спаборніцтваў Ягору Райчонку было залічана 3 перамогі, Максіму Катовічу — 4. Гэтыя юнакі паспяхова абыйшлі ўсіх сваіх канкурэнтаў, а ў фінале сустрэліся ўжо як сапернікі, каб пазмагацца за перамогу. Удача на гэты раз была на старане Максіма Катовіча, які заваяваў першае месца. Пры гэтым Ягор Райчонак, выступаючы на спаборніцтвах, усе свае пераможныя паядынкі законыў датэрмінова , у тым ліку і са старэйшымі па ўзросту сапернікамі. А Максім Катовіч, падчас свайго выступлення ў Мінску, паспяхова выканаў патрабаванні на прысваенне спартыўнага разраду кандыдат у майстры спорту.
Ягор Райчонак і Максім Катовіч паспяхова прайшлі ўсе неабходныя этапы адбору і з верасня гэтага года сталі навучэнцамі Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Жадаем гэтым юнакам, дарэчы, як і ўсім нашым таленавітым юным спартсменам, новых яскравых перамог!
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота прадастаўлена Шаркаўшчынскай ДЮСШ.

