З 1 лютага ў Шаркаўшчыне пачаў працаваць каток. Размешчаны ён па традыцыі на беразе ракі Дзісна па вуліцы Заслонава. У які час ён працуе і колькі каштуе пракат канькоў мы даведаліся ў начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргея Леанідавіча Каплуноўскага.
— Сёлета затрымаліся з адкрыццём катка ў сувязі з познім наступленнем зімы, — расказаў ён. — Памер лядовай пляцоўкі складае 5000 метраў квадратных. Працуе каток у буднія дні з 14.00 да 22.00, у выхадныя з 11.00 да 22.00. Пракат канькоў арганізуе райспажыўтаварыства. Кошты наступныя: для дзяцей 5 тысяч рублёў за гадзіну, для дарослых — 10 тысяч. Для пракату прадстаўлена 68 пар канькоў, так што хопіць усім ахвотным. Акрамя таго райспажыўтаварыства арганізавала каля канька продаж булачак, гарачага чаю. Так што, добра пакатаўшыся на свежым паветры, можна тут жа падмацаваць свае сілы, пагрэцца чаем.
Андрэй БУРЭЦ
