У Лужкаўскім сельсавеце прайшоў выязны семінар

Главное Добраўпарадкаванне Общество

Чарговы выязны семінар пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Уладзіміра Шпяца адбыўся на тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета.

Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства ў аграгарадку Лужкі ўсклалі жывыя кветкі да брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць аб іх.

Як вядома, у аграгарадку Лужкі няма дзяржаўных магазінаў па продажы харчовых тавараў. Гэтым відам дзейнасці займаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. Крама «Хутарок» знаходзіцца амаль у цэнтры населенага пункта. Належыць яна індывідуальнаму прадпрымальніку Мікалаю Крыўко. Мужчына разам з жонкай ужо многа год рэалізуюць харчовыя тавары і, трэба сказаць, што пакупнікоў у «Хутарку» заўсёды шмат. Асартыментны пералік тавараў шырокі, прадукцыя заўсёды свежая і якасная, даступная па кошце.

У Лужкаўскай сярэдняй школе грамату спасцігаюць 80 хлопчыкаў і дзяўчынак. Тут на належным узроўні знаходзіцца вучэбна-выхаваўчы працэс. Дырэктар навучальнай установы Наталля Вершаловіч і настаўнікі расказалі пра сённяшні дзень школы, пра праекты, у якіх яны разам з вучнямі прымаюць актыўны ўдзел на ўзроўні рэспублікі. Адзін з такіх — «Сацыяльныя градкі». Настаўнікі з вучнямі займаюцца вырошчваннем расады капусты, іншай гародніны. Улетку даглядаюць насаджэнні, а восенню збіраюць ураджай і рэалізуюць яго мясцоваму насельніцтву. Выручаныя грашовыя сродкі ідуць на спецрахунак школы. У межах тыдня бацькоўскай любові школьнікі падрыхтавалі невялікую канцэртную праграму і паказалі яе прысутным.

Цікава было наведаць сялянска-фермерскую гаспадарку І. А. Садоўскага. Яна, без перабольшвання, нагадвае невялікае сельгаспрадпрыемства. Кіраўнік гаспадаркі Анатолій Садоўскі правёў экскурсію. У карыстанні тут маецца 500 гектараў зямлі, з якой 200 га складае ворыва. Машынна-трактарны парк складаецца з чатырнаццаці трактароў, шасці грузавых машын, двух зернеўборачных камбайнаў, маюцца ўсе глебаапрацоўчыя агрэгаты. Тут займаюцца вырошчваннем зерневых культур, бульбы. Дарэчы, бульбяны палетак сёлета складаў плошчу 60 гектараў. Выкапалі 2 тысячы тон клубняў для далейшай рэалізацыі. Каля сядзібы маецца пладовы сад на якім растуць 10 тысяч яблынь і груш. Наладжана перапрацоўка садавіны на сок. У гаспадарцы працуюць каля сарака чалавек, якія атрымліваюць трывалы грашовы заробак.

На вуліцы Маставой у аграгарадку паслугі аграэкасядзібы пад назвай «Фальварак» аказвае індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Пячонка. Мужчына расказаў пра сваю дзейнасць. Ён разам з жонкай трымае пчолапасеку ўнушальных памераў, гандлюе мёдам і вырабамі з яго. Гадуюць у «Фальварку» гусей, трусоў, іншую жывёлу. Тут можна за невялікі кошт адпачыць з начлегам, наведаць лазню.

Удзельнікі семінара пабывалі на некаторых аб’ектах у аграгарадку Дворнава. Азнаёміліся з медыцынскімі паслугамі на фельчарска-акушэрскім пункце. Пацікавіліся асартыментам тавараў, якія маюцца ў продажы ў дзяржаўным магазіне. Удзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці Дворнаўскага сельскага клуба і бібліятэкі падрыхтавалі невялікую канцэртную праграму.

На ўсіх аб’ектах, дзе пабывалі ўдзельнікі семінара, амаль бездакорны парадак. Канечне, былі некаторыя пытанні па стане тэрыторыі механічных майстэрань, жывёлагадоўчых памяшканняў КУВСП «Гарадзец». Заўвагі прыняты да выпраўлення сітуацыі.

Уладзімір Шпец зрабіў акцэнт прысутных на тым, у якім непрыглядным выглядзе знаходзяцца ўзбочыны аўтадарогі ў напрамку з Германавіч да Лужкоў. Яны не абкошаны. Такі ж малюнак і на аўтобусных прыпынках. Чамусьці ў ДРБУ-131 зусім забыліся на гэту дарогу.

Пры падвядзенні вынікаў семінара кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна падкрэсліў, што ўсе праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у насельніцтва па тых або іншых прычынах, павінны вырашацца ў комплексе. На належным узроўні трэба падтрымліваць узаемную работу ўсіх структур, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. У цэлым рабоце, якую праводзіць сельсавет у справе навядзення парадку на зямлі і вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці, дадзена станоўчая ацэнка.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.