Праязджаючы па дарозе ў ААТ “Ельня-Агра” ў накірунку, дзе рэканструкцыю яе праводзілі меліяратары,сустрэліся з работнікамі УКП ЖКГ. Брыгада нарыхтоўвала шчапу з высечаных абапал дарогі кустоў. Акуратна, чыста падбіралася высечанае кустоўе і здрабнялася ў спецыяльным агрэгаце. Кожны з рабочых (Павел Вітальевіч Маслаў, Іван Раманавіч Шэнда і Васілій Канстанцінавіч Радчанка) быў заняты сваёй справай. Загружаны шчапой трактарны прычэп накіроўваўся ў райцэнтр, дзе на тэрыторыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі складзіравалася паліва пад павеццю.
Як паведаміў дырэктар УКП ЖКГ В. Ф. Бука, да 1 кастрычніка па плану трэба назапасіць 1500 кубічных метраў шчапы. Фактычна, на 20 жніўня было яе 1640 метраў кубічных, што складае 109 працэнтаў да плана.
Так што карысць для сябе і для сельгаспрадпрыемстваў відавочная — ачышчаюцца палі ад хмызнякоў і назапашваецца паліва.
Цяпер адна з брыгад па нарыхтоўцы шчапы працуе ў КУВСП “Гарадзец”. Рабочыя ачышчаюць ад хмызняку тэрыторыю вакол свінакомплексу.
Другая ж брыгада працуе на аб’екце Шкунцікі. Яна акультурвае тэрыторыю для штучнага зарыблення возера.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
