Вынікі дзейнасці аддзялення ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС падводзіць яго кіраўнік Андрэй Протас

Актуальное

Асноўная задача Дзяржаўтаінспекцыі — стварэнне бяспечных умоў на дарогах краіны. Аддзяленне ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС таксама працуе ў гэтым накірунку. Пра вынікі дзейнасці падраздзялення ў 2013 годзе расказвае яго кіраўнік А. М. Протас:
—    На працягу года супрацоўнікамі аддзялення ДАІ праводзілася мэтанакіраваная работа па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму, удасканаленні ўмоў дарожнага руху і зніжэнні колькасці загінуўшых і пацярпелых у выніку ДТЗ.
У 2013 годзе на дарогах Віцебскай вобласці адбылося 500 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 141 чалавек і 479 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Найменшая колькасць аварый зафіксавана ў Расонскім (4 ДТЗ), Ушацкім і Шаркаўшчынскім (па 7 ДТЗ) раёнах.
Такім чынам на тэрыторыі нашага раёна за 2013 год адбылося 7 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 3 чалавекі і атрымалі траўмы 4 асобы. Трэба адзначыць, што ў апошнія гады назіраецца станоўчая тэндэнцыя да змяншэння колькасці трагедый на дарогах: у 2009 і 2010 гадах фіксавалася па 14 ДТЗ, у 2011 — 12, у 2012 — 11 аварый. На жаль, не змяншаецца колькасць загінуўшых: у 2012 годзе — 1 чалавек, у 2010 і 2011 — па 2.
За 2013 год супрацоўнікамі аддзялення ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС выяўлена 2684 парушэнні правіл дарожнага руху, у тым ліку 99 нецвярозых кіроўцаў, 474 факты парушэння хуткаснага рэжыму. Выяўлены 4 факты паўторнага кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.
Супрацоўнікі аддзялення ДАІ правялі 271 лекцыю ў працоўных калектывах і ўстановах адукацыі. Канфіскавана 580 літраў смагоннай брагі, 76 літраў фальсіфікаваных спіртных напояў. Выяўлены 4 факты незаконнай перавозкі мяса БРЖ на суму больш за 80 мільёнаў рублёў, два факты незаконнай перавозкі 540 літраў дызпаліва, 300 літраў бензіну, адзін факт перавозкі каляровага металу на суму 2,2 млн. і чорнага металу на суму 3,8 млн., факт крадзяжу і перавозкі зерня на суму 2,5 млн. рублёў.
Дзяржаўтаінспекцыяй арганізавана пастаянная работа па выкананні патрабаванняў Загаду Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь № 210 ад 01.09.2007 г. “Аб актывізацыі работы ўсяго асабовага складу органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў у цёмны час сутак і прывіццю насельніцтву ўмення карыстацца святлоадбіваючымі элементамі”. За 2013 год за парушэнне правіл карыстання святлоадбіваючымі элементамі да адказнасці прыцягнуты 191 пешаход. Супрацоўнікі ДАІ забралі з праезнай часткі дарогі 16 грамадзян у нецвярозым стане — у адносінах да іх складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Адной з мер прафілактычнай работы па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху і папярэджанні здарэнняў з’яўляецца правядзенне праверак аўтагаспадарак прадпрыемстваў і ўстаноў, падчас якіх правяраецца тэхнічны стан транспарта пры выхадзе на лінію і пасля яго вяртання. За 2013 год праведзены 20 абследаванняў прадпрыемстваў і 40 кантрольных выпускаў на лінію. За дапушчэнне да ўдзелу ў дарожным руху няспраўнай тэхнікі пакараны 25 службовых асоб, за дапушчэнне да кіравання транспартным сродкам у нецвярозым стане пакараны 14 службовых асоб. Найбольшая колькасць парушэнняў ПДР у вадзіцеляў і механізатараў УКП ЖКГ (7), райспажыўтаварыства, ААТ “Агратэхсэрвіс” і ААТ “Даватарскі” (па 6).
Аляксандр БАРЫЛА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *