Чалавек года Шаркаўшчыны — Ефрасіння Уладзіміраўна Хахолка

Актуальное

Адказнасць, стараннасць, мэтанакіраванасць — усё гэта рысы моцнага характару, якія дапамаглі Ефрасінні Уладзіміраўне Хахолка дасягнуць высокіх вынікаў у рабоце, за што яна і была ўдастоена звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”. Працуе Ефрасіння Уладзіміраўна жылоўшчыцай мяса ў філіяле “Шаркаўшчынскі КАСЗ ПУП “Полацкая УБ”.

Нарадзілася яна на хутары Сіпаліна Лужкаўскага сельсавета Шаркаўшчынскага района. Бацькі былі простымі рабочымі, ад іх  Ефрасіння Уладзіміраўна пераняла любоў да працы, да роднай зямлі. Працавать даводзілася шмат, але для яшчэ маленькай дзяўчынкі гэта было толькі ў радасць. Скончыла Чарневецкую школу Глыбоцкага района, а далей сваё навучанне вырашыла працягваць у Віцебскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 46 лёгкай прамысловасці. Пасля атрымання патрэбнай адукацыі вярнулася на радзіму і пачала працаваць у Шаркаўшчынскім КБА. Там на працягу 20 гадоў Ефрасіння Уладзіміраўна старанна выконвала сваю працу і зарэкамендавала сябе  працалюбным і адказным чалавекам. Працуючы ў КБА, сустрэла свайго будучага мужа Георгія Уладзіміравіча. У хуткім часе ў іх нарадзіўся сын Аляксандр. Цяпер ён з жонкай Кацярынай і дачкой Варварай  жыве ў Віцебску. З 1999 года жанчына пачала працоўную дзейнасць на Шаркаўчынскім кансервава-агароднінасушыльным заводзе, дзе старанная выконвае свае абавязкі і па сённяшні дзень.

Калектыў вылучыў Ефрасінню Уладзіміраўну Хахолка на атрыманне звання “Чалавека года Шаркаўшчыны” не выпадкова. Сваёй працавітасцю яна паказвае прыклад маладым калегам у тым, што да кожнай справы патрэбны адказны падыход і неабыякавасць. У сваю чаргу, кіраўніцтва адзначае яе, як разумнага і адказнага спецыяліста, а калегі цэняць за спагадлівасць, працавітасць і мэтанакіраванасць.

Зусім нядаўна Ефрасіння Уладзіміраўна адсвяткавала свой 55-ы дзень нараджэння. Нездарма гэтыя дзве пяцёркі разам — мусіць, нехта там наверсе паставіў такую ​​высокую ацэнку за выдатна пражытыя гады. Усе асноўныя цяжкасці і перыпетыі жыцця перажыты, акцэнты расстаўлены, прыярытэты вызначаны, ацэнкі выстаўлены — дзве пяцёркі! Гэта выдатны ўзрост, у ім мудрасць, прыгажосць і сіла, а наперадзе — толькі найлепшае. 55 — гэта вяршыня жыцця, вяршыня з якой, як на далоні, відаць усё перажытае і тое прыгожае, да чаго варта імкнуцца. Таму жадаем Ефрасінні Уладзіміраўне здароўя на доўгія гады, каб ажыццявілася ўсё жаданае і задуманае!

Дзіяна ЛАЎРЫНОВІЧ,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *