Не першы год у аграгарадках нашага раёна праводзяцца святочныя мерапрыемствы, на якіх падводзяць вынікі работы ўстаноў і арганізацый, размешчаных на дадзенай тэрыторыі, адзначаюцца лепшыя працаўнікі. А для ўсіх жыхароў рыхтуюцца канцэртныя праграмы з песнямі, забавамі, конкурсамі і гульнямі.
Шчодрым восеньскім днём, 14 верасня, запрасіла ўсіх да сябе раённая ўрачыстасць “Матывы і ўзоры Прыдзісненскага краю”, прысвечаная 450-годдзю мястэчка Германавічы. У 11 гадзін дня ў колішнім графскім парку побач з музеем культуры і быту распачаўся пленэр навучэнцаў мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай ДШМ. Адлюстраваць восеньскае хараство германавіцкай прыроды сабраліся 10 вучняў на чале з выкладчыкамі школы А. І. Пяткевічам і М. П. Ліпскай. У гэты ж час каля цэнтральнага ўваходу ў музейную ўстанову адкрылася літаратурна-музычная праграма “Германавіцкая Заранка”. Абедзьве дзеі прысвячаліся 125-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Прысутным цікава было паслухаць вершы і песні ў выкананні ўдзельнікаў народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, пачуць нешта новае, невядомае з біяграфіі вандроўнага мастака. Протаіерэй Пётр Бараноўскі напрыканцы імпрэзы па просьбе мясцовых жыхароў, прачытаўшы малітву, асвяціў пакоі музея культуры і быту.
Другая частка раённага свята запрасіла на цэнтральную плошчу аграгарадка. Ад імя кіраўніцтва раёна да прысутных са словамі віншавання звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў У. С. Шпец. Прывітала гасцей і ўдзельнікаў свята на шчодрай германавіцкай зямлі старшыня мясцовага сельвыканкама А. А. Рубін. Алене Альбертаўне, як адной з гаспадароў юбілейнай урачыстасці Германавічаў, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў уручылі памятны сувенір і падаравалі бадзёрую песню пра аграгарадок.
Тэатралізаваная дзея, пастаўленая работнікамі ўстаноў культуры раёна, акунула гледачоў у тыя далёкія часы, калі ўпершыню згадвалася ў летапісе мястэчка. Самадзейныя артысты ўмела пераўвасобіліся ў вобразы гістарычных асоб: сакратара караля Рэчы Паспалітай Пахалавецкага, уладальніка Германавічаў Ігната Шырына, яго жонку Марыю і, канечне ж, Язэпа Драздовіча. Не абыйшлі, не мінулі Германавічы падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Жорсткімі і кровапралітнымі былі баі ў чэрвені 1944 за вызваленне мястэчка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Літаратурна-музычную кампазіцыю пад назвай “Адзін дзень вайны” прадставілі вучні мясцовай школы, паведаўшы аб гераізме і подзвігах партызан і чырвонаармейцаў. Вядучыя канцэртнай праграмы ўзгадалі часы станаўлення, узбуйнення і развіцця сельскай гаспадаркі, мясцовага калгаса. Успомнілі імёны і прозвішчы лепшых яго працаўнікоў, рукамі якіх з году ў год будаваліся, расшыраліся і прыгажэлі Германавічы. Дырэктар ААТ “Княж” В. У. Крыўко ў святочнай абстаноўцы ўручыў грашовыя прэміі сённяшнім перадавікам сельгасвытворчасці, шчыра падзякаваўшы ім за працу на карысць гаспадаркі.
Ні для каго не сакрэт, што не вельмі прывабна выглядаў будынак былога магазіна ў цэнтры аграгарадка. Паралельна з канцэртнай праграмай вучні Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў разам з выкладчыкам В. Ф. Круком аконныя праёмы пустуючага памяшкання расфарбавалі ў рознакаляровыя малюнкі, адлюстраваўшы на іх раённы брэнд — яблык. Атрымалася і хутка, і з густам. Вучні Германавіцкай СШ, як і ўсе жыхары аграгарадка, што вераць у светлае будучае сваёй малой радзімы, адрасавалі пасланне нашчадкам у яшчэ далёкі 2063 год, калі Германавічы будуць адзначаць 500-годдзе свайго летазлічэння. Само ж пасланне на папяровым і электронным носьбітах перададзена на захаванне ў музей культуры і быту.
Шмат вясёлых песень гучала на свяце, прэзентавалася выстава вырабаў народных умельцаў. Працавала “летняе” кафэ і гандлёвыя рады райспажыўтаварыства. І хоць восеньскі дождж крыху і азмрочыў свята, тым не менш, нават пад раскрытымі парасонамі гледачы з цікавасцю слухалі выступленні запрошаных артыстаў — салісткі Белдзяржфілармоніі Таццяны Матафонавай і ўдзельнікаў Віцебскага студэнцка-этнаграфічнага таварыства “Поўнач” — гурт “Паўночная Сухадроўка”.
Перагарнула чарговую старонку свайго летапісу мястэчка Германавічы, радкі якога напісаны нястомнай працай кожнага жыхара, самааддана ўлюбёнага ў родныя мясціны. Перагарнула, каб упэўнена крочыць у будучыню, пісаць новую, багатую гісторыю мястэчка над хуткаплыннымі водамі Дзісны.
Сяргей РАЙЧОНАК.
[nggallery id=46]
