У ходзе акцыі “Дзень донара” кроў для выратавання людзей здалі 90 жыхароў нашага раёна

Актуальное

953
найбольшую колькасць разоў (каля 40) у нашым гарадскім пасёлку ў якасці донараў выступілі Мая Мікалаеўна Пяцько і Зоя Васільеўна Пракаповіч, якія працуюць у калектыве Шаркаўшчынскай ЦРБ

Для вялікай колькасці людзей пераліванне крыві можа стаць адзінай надзеяй на выратаванне. Яшчэ тысячы застаюцца жывымі дзякуючы прэпаратам, у саставе якіх ёсць кампаненты крыві.  Менавіта таму донарства з’яўляецца адным з самых высакародных і гуманных накірункаў грамадскай дзейнасці, без якога немагчыма ўявіць развіццё экстрэннай медыцыны і выратаванне велізарнай колькасці жыхароў планеты, сярод якіх і Аляксандр Пушкін, калі б ён жыў у нашы дні. На месцы дуэлі вялікі рускі паэт страціў у агульнай колькасці каля двух літраў жыццёва неабходнай вадкасці. У 1837 годзе з пераліваннем крыві яшчэ толькі праводзілі эксперыменты, а да адкрыцця груп крыві і рэзус -фактара заставалася цэлае стагоддзе. Сёння ж гэта звычайная практыка.

У сярэдзіне верасня і ў нашым гарадскім пасёлку ў чарговы раз адбыўся Дзень донара. У Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы забор крыві ажыццяўлялі супрацоўнікі Полацкай гарадской станцыі пералівання крыві пад кіраўніцтвам урача Валянціны Францаўны Бажок. У ходзе акцыі “Дзень донара” кроў для выратавання людзей здалі 90 жыхароў нашага раёна, прычым 40 з іх (або 44, 4 працэнты ад усёй колькасці донараў) — зрабілі гэта бясплатна. І трэба адзначыць, што ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі — лічба зусім не малая. Гэта пацвердзіла і загадчыца аддзялення нарыхтоўкі Полацкай станцыі пералівання крыві Валянціна Васільеўна Каякіна:

— Актыўнасць донараў, якія здаюць кроў бясплатна, у Шаркаўшчыне значна вышэйшая, чым у іншых раёнах. Вось і сёння, у Дзень донара, у фае Шаркаўшчынскай ЦРБ можна было ўбачыць каля 100 чалавек. Пры гэтым вялікая колькасць людзей згадзіліся здаць кроў бясплатна, усведамляючы той факт, што нельга ўсё ў жыцці ставіць на камерцыйныя рэльсы. Бясплатнае донарства дазваляе зрабіць па сапраўднаму высокамаральны ўчынак, праявіць душэўную шчодрасць, выратаваць жыццё чалавека, не задумваючыся аб аплаце за сваю высакароднасць. Таму ў большасці краін свету донарства крыві аджыццяўляецца на бясплатнай аснове і наша грамадства хутка да гэтага прыйдзе. Мы вельмі ўдзячныя галоўнаму ўрачу Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы Станіславу Тадэвушавічу Стоме, які надае вялікую ўвагу правядзенню Дня донара ў вашым гарадскім пасёлку і вырашае шэраг арганізацыйных пытанняў. Людзі аператыўна і своечасова атрымалі інфармацыю аб тым, што ў Шаркаўшчыну прыехала брыгада мабільнай станцыі пералівання крыві і з самага ранку прыйшлі ў фае ЦРБ, каб атрымаць магчымасць стаць донарамі. Пры гэтым колькасць жадаючых пераўзышла ўсе нашы чаканні і мы вельмі ўдзячныя шаркаўчанам за такі высакародны ўчынак і свядомасць.

Донарам, між іншым , можа стаць не кожны. Перад тым як прымаецца кроў, чалавека правяраюць на наяўнасць разнастайных захворванняў. Донарам можа стаць здаровы чалавек, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту. Пры гэтым ён павінен мець вагу не менш за 55 кілаграмаў і ціск не ніжэйшы чым 100 на 80. Першачаргова неабходна прайсці медыцынскае абследаванне.

Дарослы чалавек можа страціць да аднаго літра крыві без небяспекі для свайго жыцця. Адна доза донарскай крыві складае 450 грамаў. Такую колькасць крыві арганізм чалавека здольны аднавіць вельмі хутка. І трэба адзначыць, што падобнае кравапусканне нават карыснае для донара. Яно стымулюе работу эндакрыннай і імуннай сістэм чалавека.

Дакладна вядома, што донары, якія рэгулярна здаюць кроў, не хварэюць прастудай і грыпам. Станоўчае ўздзеянне аказваецца і на псіхічны стан чалавека. Можна адзначыць, што донарства прафілактуе парушэнні стрававання, атэрасклероз, захворванні печані, падстраўнікавай залозы. Рэгулярная здача крыві садзейнічае прадаўжэнню маладосці, бо стымулюе крыватварэнне і самаабнаўленне арганізма.

у ліку бясплатных донараў сярод шаркаўчан  заўсёды шмат супрацоўнікаў РАУС, сярод якіх і начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Васілій Вандалінавіч Згірскі
у ліку бясплатных донараў сярод шаркаўчан заўсёды шмат супрацоўнікаў РАУС, сярод якіх і начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Васілій Вандалінавіч Згірскі

У нашай краіне існуюць правілы, згодна з якімі здаваць кроў можна не часцей, чым 1 раз у 60 дзён. А пасля правядзення дадзенай працэдуры донару варта пазбягаць значных фізічных нагрузак, трэба шмат піць і паўнацэнна харчавацца. “Максімум карысці хвораму — і ніякай шкоды донару!”, — гэты прынцып  няўхільна выконваецца ўсімі работнікамі станцыі пералівання.

У дзень медыцынскага агляду і здачы крыві ці яе кампанентаў работнікі, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, вызваляюцца ад працы з захаваннем за імі сярэдняга заробку за гэты дзень, а таксама атрымліваюць дадатковы дзень адпачынку ў любы зручны для іх час (таксама з захаваннем сярэдняга заробку).

Донары, якія здалі кроў не менш 40 данацый, а плазму, лейкацыты, трамбацыты — не менш 80 данацый, атрымліваюць  знак “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”, ён таксама прадугледжвае некаторыя гарантыі і льготы. Наступны Дзень донара ў Шаркаўшчыне пройдзе ў снежні. Больш падрабязную інфармацыю пра ўдзел у гэтай акцыі можна атрымаць у Шаркаўшчынскай ЦРБ.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *