Сёлета ў нашай краіне ўпершыню пройдзе Адзіны дзень галасавання, падчас якога будуць выбраны дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў. Мы пацікавіліся ў шаркаўчан, з якім настроем яны рыхтуюцца да важнай палітычнай кампаніі.
Аляксандр ГЕРНАТ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:
— Заўсёды прымаю ўдзел у выбарах, таму што лічу — гэта вельмі важная дзяржаўная палітычная кампанія. Свой голас я аддам за кандыдата, якому цалкам давяраю вырашаць пытанні ў сферы заканадаўства. Лічу, што гэта павінен быць чалавек з жыццёвым вопытам. Ён павінен ведаць існуючыя праблемы, якія неабходна вырашаць. Традыцыйна пайду на выбарчы ўчастак з сям’ёй. Ніхто з нас не прапускае гэта важнае мерапрыемства. Нельга заставацца ў баку, калі вырашаюцца пытанні будучага нашай краіны, будучага нашых дзяцей.