Госці-мінчане расказалі не толькі пра сябе, свае захапленні, работу і мастацтва

Общество

Шмат разнастайных мерапрыемстваў для хлопчыкаў і дзяўчынак ладзіцца ў дзіцячай бібліятэцы райцэнтра. Чарговае, пад назвай «З намі можна ад душы паразмаўляць», зусім нядаўна прайшло ва ўстанове культуры.

Нястомная творчая асоба, бібліятэкар Людміла Казіцкая на гэты раз запрасіла ў госці неардынарных людзей. Да шаркаўчан прыехаў Ігар Бархаткоў — мастак, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», лаўрэат Нацыянальнай прэміі Беларусі, член саюза мастакоў Беларусі. Разам з Ігарам у чарговы раз наш гарадскі пасёлак наведаў Анатоль Гармаза — галоўны рэдактар газеты «Друг пенсионера» і шматлікіх іншых перыядычных выданняў, мастак-карыкатурыст.

Пра што ж ішла гаворка? На працягу трох гадзін госці-мінчане расказвалі не толькі пра сябе, свае захапленні, сваю работу, але і ў цэлым пра гісторыю і развіццё мастацтва як айчыннага, так і сусветнага.

Ігар Бархаткоў належыць да знакамітай дынастыі беларускіх мастакоў, пачынальнікам якой быў яго бацька Антон. Гэту справу разам з Ігарам працягваюць яго жонка Алена і родны брат Вітольд. Ігар Бархаткоў у свой час, каб быць бліжэй да прыроды, змяніў месцажыхарства з гарадскога на вясковае. Ён з’яўляецца прыхільнікам класічнага пейзажу, які і адлюстроўвае ў сваіх работах. Ігар на ўласным прыкладзе ўпэўніўся ў тым, як мала бачаць гарадскія жыхары: без гарызонта, без адценняў снегу і сонца, без штодзённых змен надвор’я. З’яднаўшыся з прыродай, мастак знаходзіць у гэтай невычарпальнай тэме мноства сюжэтаў сваіх карцін.

Анатоль Гармаза скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, мастацка-графічны факультэт педінстытута імя Кірава. Пачынаў працаваць на пасадзе літаратурнага супрацоўніка часопіса «Вожык», з’яўляўся галоўным мастаком гэтага сатырычнага перыядычнага выдання. Анатоль — удзельнік рэспубліканскіх і замежных выстаў.

На сустрэчы прысутнічалі настаўнікі і вучні мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў. І дарослым, і дзецям цікава было даведацца, як Ігар і Анатоль прыйшлі ў прафесію, з цягам часу сталі знакамітымі творцамі, якіх ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі нашай краіны. З вялікай ахвотай шаркаўчане прынялі ўдзел у майстар-класах па маляванні, якія правялі госці з Мінску. У народзе кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Гэты выраз цалкам атаясамліваецца з Ігарам і Анатолем. Напрыканцы сустрэчы яны дуэтам выканалі пад акампанемент гітары некалькі песень, а аўдыторыя дружна падпявала. Мерапрыемства атрымалася па-сяброўску цёплым і запамінальным.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.