Сямейная дынастыя працуе ў Верацееўскім Цэнтры культуры і адпачынку

Актуальное

маці і дачка І. Л. Крыўка і А. Л. Цітовіч

Хто пабываў у Верацееўскім Цэнтры культуры і адпачынку зразумеў, што тут нікому сумаваць не дадуць. Хочаш заняцца рукадзеллем — калі ласка! Майстар-метадыст ад Германавіцкага Дома рамёстваў Марыя Пятроўна Осіпава навучыць чаму душа жадае — вязаць пруткамі і шыдэлкам, вышываць ніткамі і стужкамі, ствараць вырабы з паперы і саломкі, аплікацыі з саломкі і многаму іншаму. Наведваюць створаныя гурткі як дзеці, так і дарослыя.

Калі з’явілася жаданне пабыць сярод кніг, пачытаць цікавую літаратуру — ёсць для гэтага чытальная зала. А выбраць кніжку дапаможа бібліятэкар Ірына Лук’янаўна Крыўка. Яна ўжо на працягу 42 гадоў нязменна працуе ў храме кнігі. Ірына Лук’янаўна не толькі сама адданая выбранай прафесіі, але і аднойчы натхніла выбраць такі жа шлях у жыцці сваю дачку. Тая закончыла спачатку бібліятэчны тэхнікум, затым універсітэт культуры. Цяпер Алена Леанідаўна Цітовіч — дырэктар Цэнтра культуры і адпачынку. Па яе словах, цікавыя мерапрыемствы праходзяць у Цэнтры, асабліва ў летні час, калі ў гараджан і вучняў водпускі і канікулы.

У адным з пакояў створаны музей пад назвай “Куточак спадчыны”. Дарэчы, спадчынай аддаленага куточка Беларусі зацікавіліся студэнты факультэта беларускай мовы і літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава, якія на працягу летніх месяцаў вывучалі традыцыі і звычаі верацееўскай мясцовасці, іх дыалект.

Розныя гурткі створаны пры Цэнтры і адзін з іх — кветкаводаў-аматараў. Нездарма ў памяшканні шмат кветак, якія на зіму “перабраліся” сюды з вуліцы.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *