У межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» калектыў работнікаў малочнатаварнай фермы «Жвіранка» атрымаў мікрахвалевую печ

Прафсаюзы Сельское хозяйство

Дзявяты год у краіне праходзіць акцыя «Наш жывёлавод». Яе ініцыятарам выступае рэспубліканскі камітэт Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Падчас акцыі прадстаўнікі прафсаюза работнікаў АПК праводзяць маніторынг малочнатаварных і жывёлагадоўчых ферм. Асаблівая ўвага надаецца санітарна-бытавым умовам працы, тэхніцы бяспекі, наяўнасці ў работнікаў спецвопраткі і абутку. Па выніках работы лепшыя жывёлаводы атрымліваюць каштоўныя падарункі і прэміі.

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Жвіранка» прайшоў справаздачна-выбарчы сход, на якім падведзены вынікі работы прафсаюзнай арганізацыі за мінулую пяцігодку. У рабоце схода прыняла ўдзел старшыня Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Дзіканава. Яна выказала шчырую ўдзячнасць работнікам сельгаспрадпрыемства за іх нялёгкую, але вельмі неабходную грамадству працу, накіраваную на харчовую бяспеку нашай краіны. За цеснае сацыяльнае партнёрства паміж сельгаспрадпрыемствам і прафсаюзнай арганізацыяй гаспадаркі словы ўдзячнасці Таццяна Дзіканава адрасавала дырэктару ААТ «Жвіранка» Пятру Ананьку.

У межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» яна ўручыла калектыву работнікаў малочнатаварнай фермы «Жвіранка» мікрахвалевую печ. Да ўзнагарод далучыўся таксама старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК, член Беларускай партыі «Белая Русь» Аляксандр Гернат. Ён уручыў калектывам жывёлаводаў малочнатаварнай фермы «Каўшэлева» і фермы «Кубелеўшчына» электрычныя чайнікі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.