На збожжаскладзе Валожынкі ААТ “Даватарскі”

Сельское хозяйство

кладаўшчыца І. А. Буйка і рабочы П. Г. Казарын

Паступова восень заваёўвае свае правы. Заканчваюцца работы на палях і гародах, ідзе падрыхтоўка да зімы. Але без справы чалавек, вядома ж, не сядзіць. Проста цяпер яго клопаты — у доме і на падворку. Зямля абараняецца ад наступства халадоў, спачатку пакрываецца жоўтым лістком, а потым і слабым марозікам. Уся прырода прыходзіць у стан спакою, замірання.

Толькі не заканчваюцца работы ў сельскага сейбіта. Закладваецца аснова будучаму ўраджаю. Гаспадаркі раёна пасеялі на запланаванай плошчы ў аптымальныя тэрміны азімыя рапс і збожжавыя культуры. Высяваліся ўчасткі пратручаным насеннем высокіх рэпрадукцый пры захаванні пасяўной годнасці. Варта адзначыць, што на ранніх пасевах з’явіліся дружныя ўсходы азімай пшаніцы, добра ўзыйшоў рапс. Пасевы азімай пшаніцы ў зіму павінны пайсці добра раскусціўшыся, але ж на больш позніх пасевах не хапае ў глебе вільгаці, і ўсходы там не радуюць. Тут ужо так распараджаецца прырода.

Цяпер на збожжаскладах гаспадарак раёна вядзецца ачыстка насення яравых культур. Па раёне належыць ачысціць і давесці да пасяўных кандыцый 2887 тон насеннага матэрыялу.

Трапляем на збожжасклад Валожынкі ААТ “Даватарскі”. Начальнік аддзялення Паянычы Міхаіл Мікалаевіч Марозаў і загадчыца склада Ірына Алегаўна Буйка расказалі пра планы і задачы, якія стаяць перад работнікамі аддзялення.

рабочыя зернесклала Г. Э. Апалька, П. І. Дарашчокак і кладаўшчык В. Д. Міхайлаў

— План засыпкі насення яравых культур — 230 тон. Гэта, у асноўным, ячмень, авёс, яравая пшаніца і зернебабовыя. У дадзены момант рабочыя Сяргей Баговіч і Пётр Казарын з дапамогай агрэгата петкус К 531А “Гігант” ачышчаюць ад смецця насенне ячменю гатунку “бацька” кармавога прызначэння першай рэпрадукцыі. Засыпалі на захоўванне 40 тон яравой пшаніцы. Пасля давядзення да ладу ячменю, прыступім да ачысткі і гэтай культуры, — патлумачыла Ірына Алегаўна.

— Ідуць дружныя ўсходы азімай пшаніцы на 357 гектарах, з іх —насенне гатункаў “капылянка” і “сюіта” былі свайго ўраджаю першай рэпрадукцыі, а на 27 гектарах пасеялі элітным насеннем гатунку “ядзвіся”, — працягвае размову Міхаіл Мікалаевіч, — разлічваем пад ураджай 48—55 цэнтнераў з гектара. Для гэтага заправілі глебу арганікай, поўным комплексам мінеральных тукаў, папярэднікамі на большасці ўчасткаў сталі шматгадовыя травы. Правялі баразнаванне пасеваў. Цяпер толькі чакаем дажджоў. А вось на 100 гектарах  рапс пасеялі да 22 жніўня і яго ўсходы вельмі добрыя. Толькі б перазімаваў. З 120-гектарнай плошчы ўбралі кукурузу. На 350 гектарах у аддзяленні ўзнялі зябліва.

Накіроўваемся у аддзяленне Сасноўцы. Там  шмат памяшканняў для назапашвання зерня. Трэба сказаць, што ААТ “Даватарскі” — гэта адзіная гаспадарка, дзе шмат увагі надаецца захоўванню пасяўнога матэрыялу. Будынкі адрамантаваныя. Поўным ходам там кіпіць работа. Загадвае насеннай гаспадаркай Віталій Дзмітрыевіч Міхайлаў — аграном па адукацыі. Пастаяннымі памочнікамі ў яго Генрых Эдуардавіч Апалька і Пётр Іванавіч Дарашчонак.

Тут правялі ачыстку насення траў. Трэба сказаць, што гэта насенная гаспадарка па вырошчванні траў. Засыпалі аўсяніцы лугавой 5,5 тоны, з іх 2 тоны рэалізавалі на ААТ “Віцебскае насенне траў”. Засыпалі райграс пашавы, канюшыну, цімафееўку. У час нашага наведвання чысцілі канюшыну лугавую гатунку “віцябчанка” другой рэпрадукцыі.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *