80-годдзе з дня свайго нараджэння адзначыла жыхарка вёскі Папкі Яўгенія Заяц

Общество

У чарадзе дзяржаўных і прафесійных святаў, якія праходзяць у раёне, мы не мінаем і юбілеі нашых землякоў, пастаянных чытачоў газеты «Кліч Радзімы». Нядаўна 80-годдзе з дня свайго нараджэння адзначыла жыхарка вёскі Папкі Германавіцкага сельсавета Яўгенія Заяц.

За восем дзясяткаў гадоў, якія засталіся за спіной жанчыны, было і пасляваеннае гаротнае дзяцінства, і праца ў сельгасарцелі, радасць і смутак, здабыткі і страты. Нарадзілася Яўгенія ў вёсцы Папкі, дзе пражывае і зараз. Пасля заканчэння Гуркаўскай сямігодкі, як і большасць выпускнікоў, пайшла працаваць паляводам у калгас «Маяк».

— Неяк аднойчы мая сяброўка паведаміла, што ў Шаркаўшчыне ідзе набор на курсы падрыхтоўкі маляроў-тынкоўшчыкаў, — успамінае мая суразмоўца. — Я і яшчэ некалькі дзяўчат вырашылі змяніць працу ў калгасе і набыць будаўнічыя прафесіі. І гэта ў нас атрымалася. Пасля трохмесячных курсаў набылі пасведчанні маляроў-тынкоўшчыц і звязалі сваё далейшае працоўнае жыццё з будоўляй. Было гэта ў далёкім 1967 годзе. Калектыў арганізацыі на той час быў даволі вялікі. Брыгада, дзе я працавала, налічвала 12 чалавек. Дарэчы, усе былі жанчыны. Мы, маладыя, заўсёды з узнёслым настроем крочылі на працу, сумленна шчыравалі на карысць малой радзімы. Аб’ёмаў работ заўсёды хапала, бо імклівымі тэмпамі ішло ўзвядзенне жылля, адміністрацыйных будынкаў, шматлікіх вытворчых аб’ектаў у гарадскім пасёлку, раёне і нават за яго межамі. І ўсюды мы паспявалі ў тэрмін.

Працуючы ў калектыве будаўнікоў Яўгенія Заяц сустрэла сваю другую палову — мужа Уладзіміра, які з’яўляўся шафёрам. У 1968 годзе яны згулялі вяселле, у сям’і нарадзіліся дзеці — дачка Ала і сын Аляксандр.

Імкліва праляцеў час, а калі трэба было ісці на заслужаны адпачынак, Яўгенія і Уладзімір вырашылі пераехаць у Папкі. Без справы яны не сядзелі. Уладзімір працаўладкаваўся шафёрам у калгас, а Яўгенія вяла хатнюю гаспадарку, да таго ж яшчэ і за маці трэба было даглядаць, патрабаваў да сябе ўвагі па стане здароўя і сын Аляксандр.

— Мы ніколі не скараліся перад жыццёвымі цяжкасцямі, — працягвае жанчына. — Разам з мужам апрацоўвалі значных памераў зямельны надзел, трымалі вялікую гаспадарку. Вернымі памочнікамі былі і застаюцца дачка Ала і зяць Казімір. Яны амаль кожны дзень прыязджаюць, каб дапамагчы мне з хатнімі справамі. У мінулым годзе Уладзімір, з якім мы разам пражылі 55 год, пайшоў з жыцця.

Мае родныя — мая надзея і апора. Старэйшы ўнук Станіслаў выбраў для сябе прафесію ваеннага. Пасля заканчэння інстытута пагранічнай службы ахоўвае рубяжы нашай рэспублікі, а ўнучка Ксенія вучыцца ў 6 класе Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1, радуе бацькоў і, канечне ж, мяне сваімі поспехамі.

У юбілейны дзень нараджэння Яўгенію Заяц павіншавалі не толькі родныя, сябры і суседзі, з падарункамі да імянінніцы завітала старшыня Германавіцкага сельсавета Мая Якімовіч. Словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў адрасавала яна ветэрану працы, паважанаму ў грамадстве чалавеку.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.