Прадметны алімпіядны рух у Беларусі заўсёды папулярны сярод школьнікаў, паколькі дазваляе дзецям не толькі праверыць свае веды ў экстрэмальных умовах, але і атрымаць пэўны бонус пры паступленні ва ўніверсітэт. Выдатны вынік прадэманстравалі вучні Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1. Прызёрамі абласной алімпіяды па рускай мове і літаратуры сталі вучань 9 «Б» класа Віталій Балай і вучаніца 10 класа Аляксандра Хаданёнак. Абодва ўдзельнікі ўзнагароджаны дыпломамі 3 ступені. Дыпломамі 3 ступені па грамадазнаўству ўзнагароджаны вучаніца 10 класа Анастасія Касарэўская і вучаніца 11 класа Дар’я Маліноўская.
Даша Маліноўская ў гэтым годзе заканчвае школу і плануе стаць студэнткай юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. «Разумная, ініцыятыўная, ураўнаважаная і патрабавальная да сябе дзяўчына, у якой заўсёды ўсё атрымліваецца на 10 балаў», — пракаментавала перамогу сваёй вучаніцы настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Аксана Бабоўская. Ужо зараз Даша на памяць ведае практычна ўсю Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, цікавіцца юрыспрудэнцыяй. У яе ёсць усе шанцы для таго, каб закончыць школу з залатым медалём. На раённым этапе прадметных алімпіяд сярод школьнікаў у Дашы — дыпломы 1 ступені па рускай мове і грамадазнаўству і дыплом 3 ступені — па англійскай мове.
Віталій Балай вучыцца ў дзявятым класе. Ён захапляецца хіміяй, у гэтым годзе завяршае вучобу ў музычнай школе па класе гітары, цікавіцца тэхнікай, многае можа расказаць пра розныя мадэлі аўтамабіляў і іншага транспарту. Віталій — чалавек усебакова развіты, мэтанакіраваны, адказны і творчы, выдатнік вучобы, на яго заўсёды можна разлічваць. На раённым этапе прадметных алімпіяд юнак заваяваў два дыпломы першай ступені — па рускай і беларускай мовах.
У Аляксандры Хаданёнак руская мова і літаратура, а таксама гісторыя — любімыя школьныя прадметы. Дзяўчына шмат чытае, перавагу аддае рускім класікам 19 стагоддзя, такім, як Тургенеў і Дастаеўскі, некаторым замежным аўтарам.
— Сакрэт майго поспеху ў тым, што я вучуся ў добрай настаўніцы, Сняжаны Пятроўны Скопец, менавіта яна разгледзела і дапамагла развіць мае філалагічныя здольнасці, прывіла жаданне шмат чытаць, аналізаваць прачытанае і смела выказваць свае думкі, згаджацца ці не з аўтарам, — расказала Аляксандра. — Сваю будучыню хачу звязаць з журналістыкай, і зараз раблю ўсё магчымае для таго, каб пасля заканчэння школы паступіць на факультэт «Інфармацыя і камунікацыя» ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Анастасія Касарэўская захапляецца псіхалагіяй, шмат чытае адпаведнай літаратуры. На раённым этапе прадметных алімпіяд Насця заваявала два дыпломы першай ступені — па рускай мове і грамадазнаўству.
А ў мінулым месяцы дзяўчынка прывезла ў Шаркаўшчынскую сярэднюю школу № 1 чарговую перамогу. Насця ўзнагароджана дыпломам другой ступені за перамогу на прававой алімпіядзе юрыдычнага факультэта для школьнікаў. Алімпіяда праходзіла ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Сярод 80 удзельнікаў з розных навучальных устаноў Віцебшчыны ў Анастасіі Касарэўскай — адзін з найлепшых вынікаў.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.