14 кастрычніка, калі праваслаўныя вернікі адзначаюць пакроў Найсвяцейшай Багародзіцы, а ўсе дзеці віншуюць сваіх матуль з Днём маці, жыхарка аграгарадка Германавічы Яўгенія Антонаўна Лазарава у цёплай сямейнай абстаноўцы адзначыла восемдзесят пяты дзень нараджэння, сабраўшы ў дом, дзе зараз пражывае разам з сям’ёй малодшай дачкі Жанны, усіх родных і блізкіх, дарагіх свайму сэрцу людзей. Павіншаваць юбілярку прыйшлі таксама старшыня Германавіцкага сельскага Савета Алена Альбертаўна Рубін, медыцынскія работнікі з урачэбнай амбулаторыі аграгарадка.
Былы галоўны ўрач Германавіцкага ўрачэбнага ўчастка Яўгенія Антонаўна пасля заканчэння Віцебскага медінстытута ў 1952 годзе па размеркаванні трапіла ў гэты населены пункт на пасаду кіраўніка мясцовай медустановы. Цяжкай была праца галоўнага ўрача ў пасляваенны час: не хапала спецыялістаў, не ў дастатковай колькасці завозіліся медыкаменты, бездарожжа і антысанітарыя, што параджала ўспышкі хвароб. Усе гэтыя фактары накладвалі свой негатыўны адбітак на стан здароўя насельніцтва. У пачатку 1950-х гадоў у Германавіцкай бальніцы (на яе месцы зараз знаходзіцца сярэдняя школа) налічвалася 10 ложкаў. У сувязі з тым, што дадзены ўрачэбны ўчастак уключаў у сябе населеныя пункты Шкунцікаўскага, Велікасельскага, Людвіноўскага і іншых аддаленых ФАПаў, стацыянар павялічылі да 25 месцаў. Яны адносіліся да разраду тэрапеўтычных і радзільных. Яўгеніі Антонаўне, якая мела спецыяльнасць урача агульнай практыкі, даводзілася выконваць шматлікія медыцынскія працэдуры, накіраваныя на выратаванне жыцця людзей, нярэдка самой прымаць неадкладныя аператыўныя рашэнні.
Са слязамі на вачах жанчына ўспамінала дзіцячыя і юнацкія гады, калі жыла ў Магілёве. Дарэчы, там Яўгенія Антонаўна і нарадзілася. Яе маці, Аляксандра Пятроўна, працавала настаўніцай. Тата, Антон Паўлавіч, у свой час закончыў Магілёўскую духоўную семінарыю, служыў у адным з гарадскіх храмаў. Але напачатку 1930-х гадоў з-за палітычных праследванняў вымушаны быў пакінуць пастырскую справу і пайсці працаваць фабрычным рабочым. На вялікі жаль, у адну з начэй 1938 года за Антонам Паўлавічам прыехаў “чорны варанок” з супрацоўнікамі НКУС. Рэпрэсійная машына тых часоў не абмінула сям’ю Лазаравых. Тату Яўгеніі Антонаўны пасля арышту і шматлікіх допытаў расстралялі, як чалавека “сеющего опиум среди народа”. У сталінскі час свяшчэннаслужыцелі, хоць і былыя, з’яўляліся негатыўнымі элементамі для савецкай улады. Але жыццё працягвалася. Маці выгадавала на сваіх кволых жаночых плячах пяцёра дзяцей: Марыю, Анатолія, Лізавету, Яўгенію і Вольгу, якія абралі дастойны ўласны жыццёвы шлях.
Што ж тычыцца Яўгеніі, то неўзабаве пасля прыезду ў 1952 годзе ў Германавічы, у яе моцна закахаўся мясцовы прыгажун Арсеній — настаўнік гісторыі сярэдняй школы. Адгулялі вяселле, затым у маладой сям’і нарадзілася першая дачка Наталля, потым сын Міхаіл, дочкі Алена, Вольга, Таццяна і самыя меншыя дзеці Аляксей і Жанна. Што і казаць, вельмі ганарыцца імі Яўгенія Антонаўна. Бо ўсім ім разам з мужам далі дастойнае выхаванне і пуцёўку ў самастойнае жыццё. Наталля жыве і працуе ва Уладзівастоку. Міхаіл, абараніўшы доктарскую дысертацыю, працуе галоўным хірургам Адэскай ваеннай акругі. Алена — спецыяліст у галіне фармацэўтыкі горада Хабараўск. І толькі Вольга, Таццяна, Аляксей і Жанна жывуць і працуюць у Беларусі. Вельмі ганарыцца сваімі дзецьмі Яўгенія Антонаўна.
— А яшчэ, — дабавіла юбілярка, — у нашай вялікай сям’і ёсць дванаццаць унукаў, дзесяць унучак, два праўнукі, тры праўнучкі і адна прапраўнучка. Ведаеце, я лічу сябе самай шчаслівай маці на свеце, бо сэнс свайго жыцця бачу ў іх вачах, поўных радасці, любові і павагі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
