Для таго, каб восенню мець добры ўраджай, вясной аграрыі ўносяць на палеткі мінеральныя ўдабрэнні, а таксама арганіку, што спрыяе росту зерневых, зернебабовых культур, кукурузы.
У КУВСП імя Маркава было запланавана вывезці на палеткі і ўнесці пад сяўбу яравых культур 17308 тон арганічных угнаенняў. Па стане на 11 красавіка мясцовыя аграрыі вывезлі ад жывёлагадоўчых ферм 18238 тон. І з кожным днём аб’ёмы павялічваюцца.
— Моцныя дажджы, якія прайшлі ў канцы мінулага тыдня, спынілі ход масавых палявых работ, — тлумачыць кіраўнік гаспадаркі Юрый Жынгель. — Тэхніка не ў стане рухацца па палетках, якія літаральна патанаюць у вадзе і гразі. Каб дарэмна не марнаваць час, акцэнт зрабілі на вывазе арганікі пад будучы ўраджай. Выбіраем участкі палёў, дзе тэхніка рухаецца без вялікіх перашкод. Па папярэдняй дамоўленасці з прадпрыемствам меліярацыйных сістэм на пагрузцы арганікі на ферме «Беляі» ў нас задзейнічаны «Амкадор» меліяратараў. Адвозам угнаенняў на ўрочышча Змяёўка займаюцца механізатары Аляксандр Руткоўскі, Анатоль Валеўка і Мікалай Кухто. Плануем дадаткова задзейнічаць іншыя адзінкі тэхнікі. У хуткім часе пасля таго, як вывезем усю арганіку, пачнём уносіць яе пад сяўбу кукурузы. А пакуль, як і патрабуе таго тэхналогія, арганічныя ўгнаенні буртуюцца.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.