Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка пра дзейнасць ДБУ-26 расказвае яго дырэктар Уладзімір Серыкаў

Актуальное

дырэктар ДБУ-26 У. Ц. Серыкаў

Жыццё кожнага з нас звязана з паездкамі, падарожжамі. Згадзіцеся, вельмі прыемна ехаць на транспартным сродку па аўтамабільнай трасе, якая адмыслова пабудавана, мае сучаснае асфальта-бетоннае пакрыццё. У апошнія гады стан дарог у нашай краіне мяняецца ў лепшы бок, будуюцца новыя аўтамагістралі, ідзе рэканструкцыя на трасах міжнароднага, рэспубліканскага і мясцовага значэнняў. За ўсім гэтым стаіць праца людзей, якія круглы год будуюць дарожныя шляхі. Такім відам дзейнасці займаецца філіял дарожна-будаўнічага трэста № 1 г. Віцебска ДБУ № 26. Аб дні сённяшнім арганізацыі чытачам раённай газеты расказвае яе дырэктар Уладзімір Цімафеевіч Серыкаў:

брыгада па добраўпарадкаванні: С. В. Грыц, А. М. Пука, М. В. Пука, А. А. Булына, В. П. Урбановіч, П. В. Ляснеўскі, С. І. Гудзеляў

—У нашым ДБУ № 26 працуюць 115 чалавек. Калектыў работнікаў заняты на шматлікіх будаўнічых аб’ектах вобласці і краіны. Сёлета брыгады задзейнічаны на ўчастку дарогі М-5 Мінск—Гомель, каля г. Жлобін. На аўтамагістралі М-1 Брэст—Масква, паблізу г. Орша. Спецыялістамі дарожна-будаўнічага ўпраўлення выкананы значны аб’ём работ па рэканструкцыі ўзлётна-пасадачнай паласы Віцебскага аэрапорта. Здадзена ў эксплуатацыю аўтамабільная стаянка ў Браславе. Брыгада па добраўпарадкаванні правяла рэканструкцыю гарадскіх вуліц у Глыбокім. На працягу апошніх пяці гадоў будавалі ўчастак паўднёва-заходняга аб’езду нашага абласнога цэнтра. Вялікі ўклад работнікі арганізацыі ўнеслі ў будаўніцтва пад’язных шляхоў да новага маста цераз раку Заходняя Дзвіна ў Верхнядзвінску і ўчастка мінскай кальцавой аўтадарогі. Для зручнай і хуткай дастаўкі рабочых да будаўнічых аб’ектаў не так даўно набылі новы пасажырскі аўтобус МАЗ, мікрааўтобус ГАЗель. Аўтамабільны парк укамплектаваны ўсёй неабходнай сучаснай тэхнікай. У гэтым годзе ён папоўніўся яшчэ новымі экскаватарам і бульдозерам. Праца дарожных работнікаў — не з лёгкіх. У летнюю спёку і восеньскую сцюжу ўвесь час трэба знаходзіцца на адкрытым паветры. Таму не кожнаму пад сілу працаваць у такіх умовах. Але, тым не менш, калектыў нашай арганізацыі заўжды з усёй паўнатой адказнасці адносіцца да даручаных спраў. Як вынік — павага і аўтарытэт сярод калег, высокія паказчыкі рэнтабельнасці сярод аналагічных філіялаў вобласці дарожна-будаўнічага трэста № 1. Сёлета Ганаровай граматай Міністэрства транспарта і камунікацый Рэспублікі Беларусь узнагароджаны машыніст бульдозера І. І. Петухоў. Ганаровай граматай унітарнага прадпрыемства холдынга “Белаўтадар” машыніст аўтагрэйдара І. В. Пука. Ганаровымі граматамі і падзякамі Віцебскага дарожна-будаўнічага трэста № 1 адзначаны яшчэ 12 спецыялістаў і рабочых нашай арганізацыі. 25 працаўнікоў атрымалі ўзнагароды адміністрацыі філіяла ДБУ № 26. Напярэдадні прафесійнага свята жадаю калегам нашага ўпраўлення і работнікам іншых дарожных арганізацый здароўя, сямейнага дабрабыту і як мага болей ясных, сонечных дзён у годзе.

брыгада асфальтаўкладчыкаў: С. В. Курыловіч, М. С. Табола, П. П. Грыдзюшка

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *