Таццяна і Валерый Смерцьевы з Шаркаўшчыны ўжо амаль 20 год крочаць поруч

Общество

Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома. Бо для кожнага з нас сям’я — гэта месца, куды вядуць усе жыццёвыя дарогі, найбольшае шчасце, якое чалавек можа стварыць сам.

Таццяна і Валерый Смерцьевы з гарадскога пасёлка Шаркаўшчына ўжо амаль 20 год крочаць поруч, раздзяляючы на дваіх і радасці, і нягоды. Бацькі выхоўваюць траіх дзяцей. З дапамогай дзяржавы шматдзетная сям’я ў свой час пабудавала трохпакаёвую кватэру ў адным з дамоў на вуліцы Максіма Горкага. Таццяна звыш дваццаці гадоў працуе педагогам-псіхолагам у Шаркаўшчынскім раённым Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Валерый — машыніст-экскаватара, у адной з дарожна-будаўнічых арганізацый ён працуе вахтавым метадам.

17-гадовы сын Уладзіслаў у гэтым годзе заканчвае ліцэй Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта для здольных і таленавітых дзяцей, займаецца ў класе з профільным вывучэннем фізікі і матэматыкі. Сваю будучыню юнак плануе звязаць з праграміраваннем. Дзяўчынкам-двайнятам Вераніцы і Вікторыі  па 16 год, яны вучацца ў 10 класе сярэдняй школы № 1 нашага гарадскога пасёлка. Як і старэйшы брат, асабліва цікавяцца дакладнымі навукамі. Пры гэтым у дзяўчынак шмат захапленняў. Вераніка любіць маляваць, у Шаркаўшчынскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі вучыцца іграць на гітары. У жыцці Вікторыі значнае месца займае спорт, пераважна плаванне, шматбор’е і бег. Віка — пастаянная ўдзельніца раённых і абласных спаборніцтваў, на якіх неаднаразова з’яўлялася пераможцай. А яшчэ сёстры з захапленнем чытаюць мастацкую літаратуру, дзяўчынкі —  пастаянныя ўдзельніцы шматлікіх мерапрыемстваў, што праходзяць у дзіцячай бібліятэцы па ініцыятыве бібліятэкара Людмілы Казіцкай.

Быць мамай — гэта вялікае шчасце, а ў шматдзетнай сям’і — гэта шчасце, памножанае ў разы. І хоць мацярынства — праца нялёгкая, дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, без адпачынку і выхадных — усе цяжкасці кампенсуюцца самай высокай узнагародай для маці: любоўю і шчаслівымі ўсмешкамі дзяцей. У гэтым упэўнена Таццяна Смерцьева, маці траіх ужо амаль дарослых дзяцей, у якіх яна бачыць працяг свайго жыцця і лічыць сябе шчаслівай жанчынай.