У Іёдскім сельскім Савеце не сталі чакаць суботніка, а загадзя прыступілі да навядзення парадку

Общество

 

Арганізавана і зладжана ў адзін з красавіцкіх дзён выйшлі на добраўпарадкаванне вуліц, прыдамавых тэрыторый работнікі вытворчай і сацыяльнай сфер, жыхары аграгарадка Іёды.

— Як і ў мінулыя гады, усе грамадзяне з разуменнем аднесліся да навядзення парадку ў населеным пункце, — расказаў старшыня Іёдскага сельсавета Іван Пачкоўскі. — Не засталіся ў баку ад важнай справы і работнікі мясцовага лясніцтва, раёна электрычных сетак, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ААТ «Буеўшчына». На працягу некалькіх дзён энергетыкі выразалі кустоўе пад лініямі электраперадач. Такі ж від работ выконвалі работнікі лясніцтва ўздоўж вуліц аграгарадка. Дзякуючы шэфскай дапамозе, было вывезена дзесяць трактарных прычэпаў выдаленага з узроўкаў кустоўя і зрэзаных галін дрэў.

На наступны дзень кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла патрэбную колькасць вапны для пабелкі дрэў. Арганізавана выйшлі на гэты від работ спецыялісты мясцовай амбулаторыі, бібліятэкі, сельсавета. Шчыра і з узнёслым настроем шчыравалі падчас добраўпарадкавання вуліц аграгарадка настаўнікі, вучні і тэхнічны персанал сярэдняй школы. Намеснік дырэктара па гаспадарчай часці навучальнай установы Валерый Максімовіч прыехаў на ўласным трактары, у прычэп якога загружалі смецце, сабранае ўздоўж вуліц.

— Хачу выказаць словы вялікай удзячнасці за дапамогу ў навядзенні парадку ўсім, хто заўсёды прымае актыўны ўдзел у такой важнай справе, — падкрэсліў Іван Пачкоўскі. — Толькі разам у агульнай справе мы зробім нашы населеныя пункты чыстымі, прыгожымі і прывабнымі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.