Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій наведаў Свята-Успенскую царкву

Общество

Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій наведаў Свята-Успенскую царкву і памаліўся разам з прыхаджанамі храма.

Уладыку сустракалі хлебам-соллю на ўваходзе ў царкву. Тут жа было духавенства, прадстаўнікі мясцовай улады, моладзь. Епіскап ужо не першы раз наведвае храм. Па словах святара, тут па-сапраўднаму адпачывае душа, адчуваецца прысутнасць свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава — заступніка шаркаўшчынскай зямлі.

Уладыка прыняў удзел у літургіі, якая праводзіцца ў храмах па серадах і пятніцах падчас Вялікага посту. Пасля набажэнства ён падзякаваў усім вернікам за тое, што наведваюць храм, моляцца за мір і шчасце на зямлі, услаўляюць Хрыста-збаўцу.

— Заўтра ў праваслаўных вернікаў заканчваецца Вялікі пост, а 5 мая мы будзем адзначаць Вялікдзень — самае галоўнае хрысціянскае свята, — з такімі словамі звярнуўся Уладыка. — Мы ведаем, што ў пятніцу Хрыстос быў распяты, у суботу яго цела ляжала ў труне, а душа ўзнялася ў нябёсы. На трэці дзень ён уваскрос. Калі вучні Хрыста прыйшлі, то не знайшлі яго цела. Потым збавіцель з’яўляўся ім яшчэ на працягу васьмі дзён.

У Вялікдзень у сэрцы людзей — радасць. Разам з малітвай, пастом павінны быць канкрэтныя справы ў адносінах да блізкіх. Гэта напісана і ў Бібліі, і ў Новым і Старым запавеце, святыя айцы расказвалі пра гэта, але чамусьці ў нас гэта непапулярна. Пост, безумоўна, важны, але яшчэ больш важна рабіць добрыя справы. І тады на начной велікоднай службе ў чалавека будзе не смутак, а будзе радасць — светлы настрой. З надыходзячым вас святам!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.