Галоўная каштоўнасць любога грамадства — гэта моцны дом, дзеці і ўнукі, наша падтрымка і апора, наша сям’я. Яна самае важнае, што ёсць у жыцці кожнага. Менавіта сям’я дае чалавеку сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, дапамагае ў цяжкую хвіліну, любіць за тое, што мы такія, якія ёсць. У нашым Прыдзісненскім краі шмат выдатных, моцных, дружных сем’яў. Адна з іх пражывае ў аграгарадку Лужкі. Сям’я Сяргея і Наталіі Лапо падзялілася сакрэтам свайго шчасця.
Дарогі, вызначаныя лёсам
Куды прывядуць нас дарогі лёсу, парой прадказаць цяжка. Наталія нарадзілася і вырасла ў вёсцы Азярцы Глыбоцкага раёна. З маленства, гледзячы на першую сваю настаўніцу, дзяўчына марыла стаць педагогам, выкладаць вучэбныя прадметы ў пачатковых класах. З цягам часу мара ажыццявілася — Наталія паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, па заканчэнні якога атрымала кваліфікацыю «настаўнік пачатковых класаў, педагог сацыяльны». На сваё першае месца працы малады спецыяліст трапіла ў Падсвільскую сярэднюю школу, дзе на працягу двух гадоў выконвала абавязкі сацыяльнага педагога. Калі надарылася магчымасць пераводу ў Азярэцкую школу, Наталія змяніла месца працы, каб быць бліжэй да родных людзей.
Сяргей вырас ў Лужках. Пасля тэрміновай службы ў войску атрымаў спецыяльнасць электраманцёра ў Полацкім прафтэхвучылішчы. Вясковае жыццё на гарадское хлопец не прамяняў, а ўладкаваўся на працу па спецыяльнасці ў сваёй жа вёсцы. У юнаку жыла прага да далейшай вучобы. Таму і вырашыў паступіць на завочнае аддзяленне Віцебскага політэхнічнага каледжа. З цягам часу перавёўся на працу ў гарадскі пасёлак і стаў электраманцёрам-вадзіцелем аператыўна-выязной брыгады Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак.
— Наша знаёмства з жонкай адбылося выпадкова, — успамінае Сяргей. — Віртуальна сустрэліся з ёй у сацыяльных сетках, спадабаліся адзін аднаму, а ў хуткім часе я і запрасіў Наталію на спатканне. Было гэта дзесяць гадоў назад, а ўжо праз год мы з’ядналі свае лёсы ў адзін.
Сям’я яднае, акрыляе
Тут, у аграгарадку Лужкі, на ціхай вуліцы, якая носіць назву партызанкі Анастасіі Бельскай, Сяргей і Наталія сталі жыць адной сям’ёй.
— Адзін з сакрэтаў нашага сумеснага шчасця — імкнуцца рабіць усё разам, — кажа Наталія. — А пра тое, што ў мяне будзе вялікая сям’я, у дзяцінстве і юнацтве я нават не думала. Так, прызнаюся, што часам бывае нялёгка, калі Сяргея няма побач, але я ніколі не пашкадавала, што аднойчы мы звязалі свае лёсы ў адзін, што ў нас трое выдатных дзетак. Як кажуць у народзе, Бог даў дзіцяці, дасць і сілы на яго. Аднак і самім старацца трэба, працаваць, клапаціцца пра іх. Гэта мы з Сяргеем і робім. Маладым бацькам раім не баяцца ствараць вялікія сем’і. Так, безумоўна, трэба шмат працаваць, бо хочацца даць дзецям усё лепшае.
Старэйшая дачушка Вікторыя ходзіць у другі клас Лужкаўскай сярэдняй школы, захапляецца матэматыкай. Меншая Юлія — выхаванка Гарадзецкага дзіцячага сада. Сёлета яна пойдзе ў першы клас. Самы малодшы ў сям’і — сынок Раман, хлопчыку тры годзікі.
— Калі Раману споўнілася два з паловай гады, мне прапанавалі месца працы выхавальніцы групы падоўжанага дня ў мясцовай школе, — працягвае гутарку Наталія. — Я згадзілася, бо працоўная занятасць складала палову стаўкі. З цягам часу ў навучальнай установе я стала выконваць абавязкі сацыяльнага педагога. Безумоўна, у гэтай прафесіі, як і ў любой іншай, ёсць свае станоўчыя і адмоўныя моманты. Тым не менш, справу сваю я люблю, бо спраўляцца з цяжкасцямі дапамагае дружны і з’яднаны калектыў педагогаў.
Дома акрамя выхавання дзяцей і хатніх клопатаў люблю займацца выпечкай, вырабам кандытарскіх страў. Мае дзяўчаткі — мае першыя і самыя галоўныя памочніцы ў гэтай справе. Рома, як і іншыя хлопчыкі, разам з татам завіхаецца каля тэхнікі, стараецца дапамагчы.
Павага і падтрымка
За дзевяць гадоў сумеснага жыцця Сяргей і Наталія засвоілі галоўнае: у сям’і трэба ўмець чуць сваю другую палову, падтрымліваць, дараваць.
— Мой Сяргей — мая апора, — упэўнена кажа Наталія. — Мне не страшна за заўтрашні дзень. Муж заўсёды знойдзе выйсце з любой складанай сітуацыі, падтрымае.
— У сям’і зараджаецца характар. Ад таго, як сябе паставіш і ці зможаш стаць аўтарытэтам для сваіх дзяцей, залежаць іх шчасце і будучыня, — далучыўся да гутаркі Сяргей. — Ёсць сем’і, якія жывуць у пастаянных сварках і звадках і, гледзячы на тых, у каго пануе лад і згода, думаюць: «Нам бы так жыць». Але для гэтага трэба штосьці рабіць, працаваць над сабой, імкнуцца быць лепшым. Хто не марыць пра шчаслівую сям’ю? Але адной толькі мары мала, неабходна прыкладаць шмат намаганняў, цікавіцца, як у вашых блізкіх прайшоў дзень, як справы ў дзяцей у садзе, у школе?
У заўтрашні дзень
Сяргей, Наталія і іх дзеці — шчаслівыя разам. Кожны з іх шмат працуе: на рабоце, у школе. Як і ўсе сем’і, яны спраўляюцца са штодзённымі праблемамі і цяжкасцямі, умела іх вырашаюць. Гледзячы на гэту пару, радуешся іх шчасцю разам з імі.
Няма нічога немагчымага, калі побач знаходзяцца такія людзі, якія ўмеюць ператварыць жыццё ў нешта казачнае і дзівоснае, імя якому Сям’я.
Сяргей і Наталія жывуць клопатамі пра заўтрашні дзень сваіх дзяцей, сваёй сям’і. Маюць уласны аўтамабіль, трактар, трымаюць хатнюю гаспадарку, апрацоўваюць унушальных памераў зямельны надзел, на якім вырошчваюць самую разнастайную гародніну, зерневыя культуры.
У бліжэйшых планах сям’і Лапо — заканчэнне будаўніцтва другога паверха сваёй сядзібы. Яно і вядома, бо кожнаму з дзяцей тата вырашыў пабудаваць уласны пакой, каб было зручна і ўтульна дзецям вучыць урокі, адпачываць.
Шматдзетная сям’я не марыць пра іншыя мясціны, няма ў іх жадання змяніць жыццё ў вёсцы на гарадскую мітусню, дзе ў імклівым тэмпе людзі нават не заўважаюць адзін аднаго, спяшаюцца па справах. Тут жа, у сельскай мясцовасці, і дыхаецца лягчэй, і людзі больш спагадлівыя і ветлівыя.
Дарагія Сяргей і Наталія, у вашага шчасця трывалы падмурак — дзеці. Беражыце іх,
сваё каханне, нясіце яго праз гады і адлегласці, заставайцеся для ўсіх узорам любові, вернасці і разумення!
Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.



