
8 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё Ручайскай бібліятэкі-музея. Узгаданае мерапрыемства сабрала мясцовых жыхароў, якія не раўнадушныя да кнігі.
З прыемнай падзеяй мясцовых жыхароў павіншаваў старшыня райвыканкама М. І. Баговіч. Кіраўнік раёна адзначыў, што неабходна выкарыстоўваць пустуючыя будынкі — так нарадзілася ідэя пераезду бібліятэкі, а таксама стварэння музея народнай творчасці. Мікалай Ірынархавіч выказаў думку, што наваселле бібліятэка спраўляе дзякуючы фінансавай падтрымцы ААТ “Агратэхсэрвіс”, а таксама намаганням кіраўніцтва і спецыялістаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
—Цяпер жыхары вёскі Ручай і бліжэйшых населеных пунктаў будуць мець магчымасць наведваць утульную бібліятэку і карыстацца яе паслугамі. У будучым плануецца стварыць тут сапраўдны музей літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Вельмі важна, каб любоў да кнігі не была страчана, каб людзі як мага больш чыталі і чэрпалі штосьці новае і пазітыўнае ў кнігах — крыніцах мудрасці, — такога меркавання прытрымліваецца М. І. Баговіч.
Затым вядучыя зрабілі экскурс у гісторыю Ручайскай бібліятэкі, якая была адчынена ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. За гэты час шмат людзей працавалі на пасадзе бібліятэкара. Каля дзесяці гадоў жыцця прысвяціла бібліятэкарскай справе Клемянціна Антонаўна Латышонак.
—Я ганаруся тым, што ў маёй роднай вёсачцы пачынае працаваць такая бібліятэка з багатым кніжным фондам. Будзем спадзявацца, што людзі з большай ахвотай будуць наведваць храм кнігі, — такога меркавання прытрымліваецца К. А. Латышонак.
Ад імя чытачоў выступіла Людміла Рамуальдаўна Хаданёнак, якая працуе дырэктарам Гуркаўскай БШ: “Ніякія самыя сучасныя тэхналогіі не заменяць простае чалавечае слова і кнігі, якія вучаць дабрыні і справядлівасці”. Людміла Рамуальдаўна падзякавала за адкрыццё бібліятэкі-музея старшыні райвыканкама М. І. Баговічу і дырэктару ААТ “Агратэхсэрвіс” А. Л. Варону.
Ад імя ўсіх работнікаў культуры словы падзякі кіраўніку раёна адрасавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. У. Стома. Людміла Уладзіміраўна падзякавала ўсім, хто дапамог прывесці ў парадак будынак бібліятэкі і прылягаючую тэрыторыю.
Затым М. І. Баговіч, А. Л. Варона і бібліятэкар А. М. Філіпёнак перарэзалі чырвоную стужку. Кіраўнік раёна ўручыў сімвалічны ключ ад бібліятэкі яе гаспадыні. У сваю чаргу Ала Мілецьеўна падзякавала кіраўніцтву раёна і мясцовай гаспадаркі за маральную і матэрыяльную падтрымку.
Ала Мілецьеўна запрасіла ўсіх на экскурсію па храму кнігі. Бібліятэкар паказала музей, бібліятэку і чытальную залу. Пра музей літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” расказала яго кіраўнік К. М. Сосна.
Аляксандр БАРЫЛА.

