Шаркаўшчынскае ПМС: «Землі асушаюць — жыццё паляпшаюць»

Общество

Сваё прафесійнае свята адзначаць людзі, дзякуючы якім у раёне вернута ў севазварот больш за 42 тысячы гэктараў зямель, на якіх вырошчваецца амаль палова сельгаспрадукцыі.

— Работнікі Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм працуюць шчыра і аддана, — кажа дырэктар арганізацыі Іван Лазовік. — Нягледзячы на шматлікія складанасці, мы знаходзімся ў пастаянным пошуку, каб павялічыць фінансавую стабільнасць арганізацыі, захаваць працоўны патэнцыял. На сённяшні дзень штат работнікаў прадпрыемства складае 90 чалавек, з іх 20 працуюць на пастаўскім участку. Паступова абнаўляецца машынна-трактарны парк. У мінулым годзе набыты два аднакаўшовыя экскаватары і два трактары «Беларус» МТЗ-82.

Аб’ёмы работ у шаркаўшчынскіх меліяратараў сёлета даволі значныя. Яны праводзяць рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы «Ілаўка-агра» на землях КУВСП «Гарадзец» і сялянска-фермерскай гаспадаркі. Агульная плошча складае 265 гектараў. 182 га былі здадзены ў севазварот у мінулым годзе, а апошнія 83 га меліяратары здаюць у бліжэйшыя дні.

У чэрвені запланавана здача ў севазварот 164 гектараў зямель на тэрыторыі ААТ «Ельня-Агра». На дадзены момант там ідзе будаўніцтва меліярацыйнай сістэмы.

Акрамя таго, паралельна праходзіць рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы ў ААТ «Буеўшчына» на плошчы 333 гектары. Спецыялісты прадпрыемства праводзяць закладку дрэнажу, на аб’екце працуюць дзве брыгады многакаўшовых экскаватараў.

Як паведаміў дырэктар арганізацыі, у пачтаку тыдня пачалі работу па абкосе каналаў. На тэрыторыі нашага раёна трэба скасіць 830 кіламетраў, а на Пастаўшчыне 240. Як і ў папярэднія гады, на запланаваных плошчах праводзяцца культуртэхнічныя мерапрыемствы: прачыстка каналаў ад дрэў і кустоўя, прамыўка дрэнажу, планіроўка.

Шаркаўшчынскія меліяратары заўсёды знаходзяцца на добрым рахунку ў прадпрыемства «Віцебскмеліявадгас». Імёны многіх занесены на Дошку гонару арганізацыі, шматлікія работнікі маюць заслужаныя ўзнагароды за сваю працу.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.