Правялі добраўпарадкаванне грамадскіх могілак у вёсцы Свілы

Добраўпарадкаванне Общество

Сяброўскай талакой правялі добраўпарадкаванне грамадскіх могілак у вёсцы Свілы родныя памерлых.

Людзі не сталі прасіць дапамогі ў дзяржаўных структур, а самі сабралі пэўную грашовую суму, закупілі будаўнічыя матэрыялы і ў адзін з чэрвеньскіх дзён прыехалі ў Свілы.

— На прызыў аб навядзенні парадку адгукнуліся ўсе вяскоўцы, чые родныя людзі знайшлі вечны спачын на гэтым пагосце, — паведаміла ўраджэнка вёскі, жыхарка горада Браслава Ліма Касарэўская. — Тыя, хто не змог асабіста прыехаць на могілкі, перасылаў грашовыя сродкі. Больш за 20 чалавек з самага ранку і да вечара займаліся добраўпарадкаваннем: выдалілі кустоўе, скасілі траву, устанавілі і пафарбавалі новую агароджу, нават абсталявалі месца для збору смецця.

У агульнай справе добраўпарадкавання прыняў непасрэдны ўдзел старшыня Іёдскага сельсавета Іван Пачкоўскі.

— Навесці парадак на могілках прыехалі людзі з Шаркаўшчыны, Браслава, Наваполацка, — расказаў прадстаўнік мясцовай улады. — Гэтыя сумленныя грамадзяне сваім прыкладам паказалі, што не варта дасылаць лісты ў шматлікія інстанцыі, а можна і самім прыкласці намаганні, каб месца спачыну родных людзей набыло прыглядны стан.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.