Шматлікія гаспадаркі раёна ў мінулым годзе і сёлета набылі корманарыхтоўчыя комплексы КГ-6 і КВК-800. Адзін з іх працуе на палетках адкрытага акцыянернага таварства «Даватарскі».
У кіраўніцтва гаспадаркі не было пытання, каму даверыць тэхніку. Ключы ад новага КВК-800 перадалі перадавому механізатару-прафесіяналу Вячаславу Смірнову (на здымку).
У 1998 годзе Вячаслаў разам з бацькамі і старэйшым братам прыехаў у наш раён з далёкага Сургута Расійскай Федэрацыі. Пасяліліся ў вёсцы Сасноўцы. Маці і бацька працавалі ў сельскай гаспадарцы. Вячаслаў набыў спецыяльнасць трактарыста ў Відзаўскім дзяржаўным каледжы, потым атрымаў пасведчанне вадзіцеля аўтамабіля. Сваё сямейнае шчасце сустрэў тут жа, у Сасноўцах, разам з мясцовай дзяўчынай Алесяй. Цяпер у іх выхоўваюцца дзве дачкі. Пражываюць у выдзеленым гаспадаркай доме, трымаюць жыўнасць.
— Мяне здзіўляе, калі маладыя людзі імкнуцца ў горад, — разважае Вячаслаў. — Я жыццё ў вёсцы не прамяняю на гарадское. Праўда, каб мець — трэба працаваць, позна легчы і рана ўстаць.
15 гадоў назад Вячаславу даручылі працу на старэнькім грузавым КамАЗе. Мужчына перабраў яго па запчастках, перагледзеў, падрамантаваў, замяніў тое, што знасілася. І па сённяшні дзень аўтамашына ходзіць, як гадзіннік. У 2012 годзе Вячаслаў, як лепшы малады вадзіцель, прадстаўляў Шаркаўшчынскі раён на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі» ў горадзе Горкі, атрымаў мноства заслужаных узнагарод.
Мужчына заўсёды знаходзіцца ў ліку перадавікоў сельскай гаспадаркі раёна. Працуе старанна дзеля дабрабыту сям’і і сельгаспрадпрыемства.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

