Кавалер ордэна Працоўнай Славы, шаркаўчанін Канстанцін Дабравольскі, прымаў віншаванні ад прадстаўнікоў самай масавай грамадскай арганізацыі краіны — Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Жыхарам гарадскога пасёлка і раёна добра вядома імя паважанага чалавека, які ўсю працоўную частку жыцця прысвяціў роднай зямлі. Канстанцін Дабравольскі з 15 гадоў і да выхаду на заслужаны адпачынак быў спачатку прычэпшчыкам, а потым трактарыстам. Дзякуючы сумленным адносінам да даручанай справы, высокай адказнасці, мужчына з’яўляўся не толькі перадавым механізатарам у раёне, але яшчэ змог стаць кавалерам ордэна Працоўнай Славы. І цяпер, нягледзячы на паважаны ўзрост, ён займае актыўную грамадзянскую пазіцыю: праводзіць сустрэчы з вучнямі, выступае ў працоўных калектывах, удзельнічае ў асноўных мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўным святам.
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Гернат павіншавалі ардэнаносца з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уручылі паважанаму чалавеку падзяку за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу, падарачны сертыфікат, пажадалі моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.