Песні і кулінарныя вырабы прыхільнікам сваёй творчасці дорыць народны калектыў нацыянальнай кухні і фальклору «Груца»

Общество

Пры кожным сельскім Доме культуры або клубе працуе шмат калектываў мастацкай самадзейнасці, але ёсць самыя адметныя, якія з’яўляюцца візітнымі карткамі ўстаноў.

Напрыклад, у Радзюкоўскім СДК на працягу 27-мі гадоў музыку, песні і кулінарныя вырабы прыхільнікам сваёй творчасці дорыць народны калектыў нацыянальнай кухні і фальклору «Груца». Гурт у сваім творчым развіцці не спыняецца, з году ў год папаўняецца яго рэпертуар, прыходзяць новыя ўдзельнікі, моладзь.

Нядаўна калектыў ажыццявіў выезд у санаторый «Сосны» Мядзельскага раёна. Для адпачываючых радзюкоўскія самадзейныя артысты правялі гульнёва-забаўляльную праграму. Над хвалямі самага вялікага возера Беларусі Нарач гучалі музыка і песні, напісаныя стваральнікам калектыву Ларысай Шпак, творы сучасных беларускіх кампазітараў. Сярод адпачываючых у санаторыі — вялікая колькасць людзей, якія прыехалі ў Беларусь з розных рэспублік былога Савецкага Саюза. Для іх убачанае стварыла незабыўнае ўражанне. Кожны меў магчымасць і спяваць, і танчыць разам з «Груцай», і частавацца прысмакамі, спечанымі радзюкоўскімі гаспадынямі.

— Я на працягу шаснаццаці год адпачываю ў маляўнічых беларускіх мясцінах, а сёлета ў гэтай аздараўленчай установе, — паведаміў адзін з пастаяльцаў санаторыя, грамадзянін Расіі. — Мне падабаецца беларуская гасціннасць, ветлівасць. Навокал чысціня і парадак, дзяржава клапоціцца пра сваіх грамадзян, пра будучае краіны. Вельмі ўдзячны і самадзейным артыстам з творчага калектыву «Груца», якія ўзнялі сваім гледачам настрой.

Наперадзе ў радзюкоўскіх артыстаў новыя задумкі і планы. Няхай яны абавязкова ўвасобяцца ў жыццё.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.