Маладосць, заўзятасць, аптымізм

Сельское хозяйство

У арганізацыі, прадпрыемствы, установы на змену старэйшаму пакаленню спецыялістаў прыходзіць моладзь, каб прадаўжаць і памнажаць слаўныя працоўныя традыцыі.

Пасля заканчэння Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа на сваё першае працоўнае месца ў лютым 2024 года прыйшоў Віталь Альхімовіч (на здымку). Ён з’яўляецца механікам Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

— Нарадзіўся я ў Полацку, пасля школы вырашыў набыць прафесію, якая часткова звязана з сельскай гаспадаркай, — кажа Віталь. — Да працы на пасадзе механіка прыступіў 1 лютага. Сачыць за спраўным станам машыннага парку арганізацыі — мой асноўны службовы абавязак. Ажыццяўляю выезды на аб’екты, каб быць у курсе спраў, аператыўна вырашаць пытанні рамонту аўтамабіляў, набыцця запасных частак да іх. Адміністрацыя прадпрыемства забяспечыла мяне арэндным жыллём. Калектыў Шаркаўшчынскага ПМС хоць і невялікі, але з’яднаны і сяброўскі. Старэйшыя, больш вопытныя спецыялісты, заўсёды аказваюць дапамогу моладзі. У наступным годзе планую паступаць у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.

— Для папулярызацыі прафесіі меліяратара на пастаяннай аснове мы праводзім сустрэчы з вучнямі школ раёна, — тлумачыць дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Іван Лазовік. — Прафарыентацыйная работа мае станоўчыя вынікі. Падпісаны два мэтавыя дагаворы з навучэнцамі дзённага аддзялення Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, адзін дагавор — са студэнтам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Два навучэнцы атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю ў Глыбоцкім дзяржаўным каледжы. У будучым яны стануць працаваць у нашым прадпрыемстве. Майстар будаўніча-мантажных работ Валерый Юхноўскі без адрыву ад вытворчасці навучаецца на меліярацыйна-будаўнічым факультэце Горацкай сельгасакадэміі. Праца на зямлі заўсёды была ганаровай. Работнікі галіны меліярацыі штогод вяртаюць у севазварот дзясяткі тысяч зямель па краіне, каб рэспубліка мела харчовую бяспеку, а людзі былі забяспечаны працай і добрымі заробкамі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.