Наша спадчына – гэта тое, што засталося нам ад продкаў. Гэта тое, што дапамагае нам дакрануцца да сваіх каранёў, прыцягвае ўвагу і таленты, тое, што мы павінны беражліва захоўваць ў сваёй памяці і сэрцах.
25 жніўня на базе Більдзюгскага сельскага Дома культуры адбылося святочнае мерапрыемства, якое было прысвечана 35- гадоваму юбілею народнага фальклорнага калектыву “Купалінка”. Калектыву, які з’яўляецца сапраўдным “скарбам” шаркаўшчынскага краю, які праз песні, гульні, абрады і танцы распавядае сенняшнім нашчадкам пра тое, як жылі іх продкі стагоддзі таму.
Усе хто быў на юбілейным мерапрыемстве ўпэўніліся ў тым, што кожны ўдзельнік калектыву “Купалінка” – гэта чалавек ўлюбённы ў сваю справу. А інакш і быць не можа, бо калектывам ўсе 35 год кіруе энергічная, таленавітая, прафесіянал сваёй справы – Надзея Іванаўна Вайцюль. Пад яе кіраўніцтвам ”Купалінка“ займаецца вывучэннем мясцовага песеннага і танцавальнага фальклору, а таксама тых звычаяў, святаў і абрадаў, якія існавалі ў рэгіёне. Вялікую ўвагу яна надае вывучэнню народных карагодаў, гульняў, песень, а сабраны матэрыял з’яўляецца асновай мерапрыемстваў, вечароў і абрадаў, што ў сваю чаргу садзейнічае папулярызацыіі нацыянальнага беларускага фальклору.
Прыемна адзначыць, што за 35 гадоў свайго існавання калектыў не страціў сваёй каларытнасці і неаднаразова прадстаўляў Шаркаўшчынскі раён на абласных і рэспубліканскіх святах. Увогуле, “Купалінка” – калектыў, пад час выступленне якога ідзе цеплыня і дабрыня, а напрацаваная за гады існавання канцэртная праграмма заўсёды знаходзіць станоўчы водгук ад гледачоў.
Шмат добрых слоў у адрас калектыву і яго кіраўніка было выказана ад гасцей, якія завіталі на святочнае, юбілейнае мерапрыемства. Сярод іх намеснік дырэктара ДУК “Шаркаўшчынскі раённы Цэнтр культуры” – І.І Хаданёнак, кіраўнік народнага калектыву літаратурнай творчасці “Світанак” – А.У.Клакоўская разам з яго ўдзельнікамі, старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Жвіранка” – Г.М.Бездзель, прыхільнік творчасці “Купалінкі” – Г.П.Сафончык.
Словы падзякі ад кіраўніка “Купалінкі” гучалі ў адрас М.В.Бяспальчык, Я.У.Туронак, Л.Г.Адамёнка, Л.І.Верашчакі. На працягу многіх гадоў яны з’яўляліся ўдзельнікамі народнага калектыву, стаялі ў вытокаў яго ўзнікнення і па сённяшні дзень прыходзяць на дапамогу ў падрыхтоўцы розных мерапрыемстваў.
Падарункі, кветкі, ўспаміны, добрыя пажаданні і з густам падрыхтаваныя творчыя нумары – свята ўдалося! Няхай жа творчыя гады народнага фальклорнага калектыву “Купалінка” доўжацца як мага больш і яна сустрэне яшчэ не адзін свой юбілей.

Намеснік дырэктара
ГУК “Шаркаўшчынскі РЦК” І.Хаданёнак

