Аграрыі раёна актыўна вядуць чарговы фронт сельскагаспадарчых работ — уборку кукурузы.
Сёлета трэба ўбраць царыцу палёў з плошчы 4330 гектараў. Найбольшы аб’ём работ у ААТ «Агратэхсэрвіс» — 927 га. Гаспадарка першай у раёне прыступіла да ўборкі кукурузы і нарыхтоўкі сіласу.
За вёскай Заазерцы працавала звяно з аднаго кормаўборачнага камбайна «Палессе» КВК-800 і чатырох транспартных адзінак для адвозу зялёнай масы.
— Кукуруза сёлета вырасла выдатная, — кажа камбайнер Іван Сямёнаў. — Пры такой ураджайнасці трактарны прычэп напаўняецца зялёнкай хутка, нават самому прыемна гэта ўсведамляць. Пачалі менавіта з гэтага поля па прычыне пераўвільготненасці глебы. У выпадку выпадзення ападкаў тэхніка тут не зможа рухацца. Таму наша задача — у самыя кароткія тэрміны ўбраць царыцу палёў.
На суседнім полі, дзе расла рэдзька, працавала другое механізаванае звяно з такой жа колькасцю тэхнікі. Здрабнёную масу кукурузы і рэдзькі звозілі ў адну сіласную траншэю.
Трамбоўкай зялёнкі на трактарах «Амкадор» займаліся Аляксандр Малкоў і Валерый Радзюк.
— «Амкадор» надзейная і лёгкая ў кіраванні тэхніка, — сказалі механізатары. — Дзякуючы манеўранасці і высокай праходнасці мы паспяваем разраўноўваць здрабнёную масу і трамбаваць яе.
Адзін за адным прыязджалі трактары і грузавыя аўтамабілі, станавіліся пад разгрузку. Працэс нарыхтоўкі кармоў ішоў няспынна, нібы канвеер.
На адвозе зялёнкі на грузавым МАЗе задзейнічаны перадавы вадзіцель гаспадаркі Сяргей Курачкін. На сёлетнім жніве ён перавёз ад камбайнаў звыш тысячы тон зерня. Падчас корманарыхтоўкі мужчына таксама ў лідарах сярод вадзіцеляў.
Руслан Туронак працуе на трактары «Беларус» МТЗ-1221. Малады хлопец не адстае ад сваіх старэйшых таварышаў — сумленна і адказна выконвае даручаную справу на адвозе здрабнёнай масы.
У чарговы раз мы ўпэўніліся, што ў сельгаспрадпрыемстве зладжана і рытмічна працуюць аграрыі на корманарыхтоўчых работах. У гэтым і заключаюцца станоўчы вынік, высокія вытворчыя паказчыкі гаспадаркі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

