З нагоды прафесійнага свята энергетыкаў наш карэспандэнт пабываў у Шаркаўшчыскім РЭСе

Актуальное

брыгада па рамонту і эксплуатацыі паветраных электраліній: У. Г. Дубоўскі, У. К. Навіцкі, Р. В. Ермаловіч, А. В. Свяцкі, А. А. Лабаноўскі, М. С. Мядзелец, М. В. Беладзед

На календары снежань. Кароткія зімовыя дні і доўгія ночы. Так гістарычна склалася, а можа ў гэтым ёсць нешта сімвалічнае, што ў самы кароткі дзень, 22 снежня, энергетыкі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Аб тым, з чым яго сустракаюць работнікі РЭСа, расказвае галоўны інжынер Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак Віктар Ільіч Лагун:
— Работнікі РЭСа — а гэта працоўны калектыў, які налічвае 66 чалавек — з дня ў дзень працуюць над тым, каб забяспечыць электраэнергіяй сваіх спажыўцоў — аб’екты дзяржаўнай уласнасці і

адзін з вопытнейшых работнікаў РЭСа — вадзіцель У. М. Сікора

прыватны сектар. Прычым, забяспечыць якасна і надзейна. Каб выканаць такую няпростую задачу, трэба падтрымліваць належны парадак ў электрасеткавай гаспадарцы. А яна ўключае ў сябе па тэрыторыі раёна 6 буйных трансфарматарных падстанцый высокага напружання і больш за 500 падстанцый напружаннем 10 кВ, а таксама паветраныя лініі электраперадачы, якіх мы абслугоўваем больш за тысячу кіламетраў, і каля дзесяці кіламетраў кабельных электраліній. На ўсіх гэтых аб’ектах з цягам часу зношваюцца асобныя дэталі, вузлы, зніжаецца іх трываласць, патрабуецца замена на новыя, больш дасканалыя. Персанал РЭСа займаецца падтрымліваннем у належным тэхнічным стане аб’ектаў электрасетак з тым, каб служылі яны надзейна і былі бяспечнымі для насельніцтва. Для гэтых мэт штогод прыкладна 150 кіламетраў ліній і 100 трансфарматарных падстанцый праходзяць капітальны рамонт. Вядома, электрычнае напружанне тоіць у сабе вялікую небяспеку для жыцця і здароўя людзей, у там ліку для электраманцёраў. Таму ўсе работы на электрычных аб’ектах праводзяцца з іх адключэннем. Пры гэтам, канечне ж, ствараюцца часовыя нязручнасці для насельніцтва. Але ўсё гэта робіцца толькі для таго, каб на працягу наступных пяці гадоў, пасля праведзенага рамонту, лініі і падстанцыі надзейна працавалі, каб не мелі месца перабоі ў электразабеспячэнні, звязаныя з так званымі аварыйнымі адключэннямі.
Прафесійнае свята энергетыкаў традыцыйна адзначаецца напрыканцы года, таму мы маем магчымасць падвесці пэўныя яго вынікі. Першая і галоўная задача калектыву РЭСа — планавыя рамонты, як аснова надзейнага электразабеспячэння. Трэба сказаць, што з гэтай задачай працоўны калектыў ў 2013 годзе справіўся паспяхова. Працягваем работы па вулічнаму асвятленню сельскіх населеных пунктаў. Праведзена рэканструкцыя, узнаўленне адслужыўшых ліній ў гарадскім пасёлку па вуліцах Даватара і Скарыны. Укараняецца новае абсталяванне для аўтаматызацыі электрычных ліній. У РЭСе праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на зніжэнне страт электраэнергіі, працуем над іх пошукамі і ў начны час.
За паўсядзённай карпатлівай працай па вырашэнню праблем электразабеспячэння раёна стаіць збалансаваны, зладжаны калектыў Шаркаўшчынскага РЭСа, дзе працуюць адказныя, адукаваныя работнікі — людзі, цалкам аддадзеныя сваёй справе, сапраўдныя прафесіяналы. Кругласутачна сочаць за станам аб’ектаў электрасетак і кіруюць рэжымамі дыспетчары А. В. Праннік, Л. І. Шпец, І. А. Чарняўскі, В. М. Туронак. У любое надвор’е і ў любы час сутак гатовы выехаць на месца для пошуку пашкоджанняў і ўзнаўлення электразабеспячэння электраманцёры аператыўна-выязной брыгады В. А. Рачыцкі, П. В. Табола, Аляксандр Георгіевіч і Андрэй Георгіевіч Мядзельцы, Д. П. Латышонак, С. В. Цярэшка, С. У. Лапо. Адказна падыходзяць да арганізацыі і правядзення работ у электраўстаноўках майстры А. В. Свяцкі, А. Б. Лаўрыновіч, А. М. Барсук, А. А. Рубніковіч, І. В. Бекіш. У рамонтных брыгадах добрасумленна працуюць электраманцёры па эксплуатацыі размеркавальных сетак Э. М. Фурс, С. С. Седзюкевіч, А. У. Лаўрыновіч, А. А. Лабаноўскі, М. В. Беладзед, І. В. Каштальян і іншыя. Праца кожнага з работнікаў заслугоўвае ўвагі, выпадковых людзей у нашым калектыве проста няма.
Мы з вялікай удзячнасцю сёння ўспамінаем усіх, хто пэўны час адпрацаваўшы ў РЭСе, знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Значны ўклад у справу электразабеспячэння раёна ўнеслі Ф. М. Бондар, Г. І. Шымуковіч, М. А. Падоба, У. І. Каржэцкі і іншыя нашы ветэраны-энергетыкі.
Шаркаўшчынскі РЭС цесна супрацоўнічае з інспекцыяй энерганагляду, вытворчым участкам энергазбыту, з энергетычнымі службамі ўсіх без выключэння арганізацый і ўстаноў, працаўнікоў якіх мы таксама віншуем з нагоды прафесійнага свята і зычым ім поспехаў у працы. З Днём энергетыка вас, паважаныя калегі!
Сяргей РАЙЧОНАК.

замену КТП ажыццяўляе брыгада аўтаматызацыі размеркавальных сетак (БАРС)


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *