Праект раённай газеты “Малыя эпізоды вялікай вайны”

Общество

“Героям-пераможцам прысвячаецца…”

Працягваем праект, першая частка якого была надрукавана ў адным з мінулых выпускаў газеты.

Дзякуючы людзям, у якіх хапіла мужнасці, стойкасці і адвагі процістаяць ворагу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
салдаты савецкай арміі перамаглі.

Пасля абвяшчэння Перамогі аднапалчане некалькі разоў сустракаліся ў Германавічах. Больш падрабязна пра іх сустрэчы мне рассказала навуковы супрацоўнік мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча Іна Пучынская.

Сустрэчы ветэранаў 1406 зенітна-артылерыйскага палка

Першая сустрэча ветэранаў 1406 зенітна-артылерыйскага палка адбылася 9 мая 1985 года ў Германавічах. На сустрэчу прыехалі Іван Сазонаў (камандзір палка), Сяргей Прохараў (камандзір 2-й батарэі), Васіль Жыла (начальнік рэчавай службы), Еўдакія Клюйко (жонка памочніка начальніка штаба Макара Клюйко, які загінуў у Германавічах 1 ліпеня 1944 года), а таксама сын Якава Дордзеля, радавога 183-га асобнага сапёрнага батальёна (загінуў 1 ліпеня 1944 года ў Германавічах).

На другую сустрэчу, якая адбылася 1 ліпеня 1985 года, сабраліся Аляксандр Захараў (тэлефаніст ВУП), Уладзімір Назараў (начальнік артылерыйскай майстэрні), Агзам Газізаў (арудзійны нумар 3-й батарэі), Шайхула Рамазанаў (загадчык справавытворчасці палка), Кашфула Абдрахманаў (шафёр 3-й батарэі), Захарый Байко (старшына 2-й батарэі).

Былыя зенітчыкі сустрэліся з вучнямі школы, прайшліся па месцах былых баёў. Ветэраны абазначылі месца, дзе знаходзіўся камандны пункт палка падчас бою з фашысцкай авіяцыяй 1—2 ліпеня 1944 года, і дамовіліся сустрэцца праз год. Па стане здароўя не змог прыехаць на сустрэчу камандзір палка Іван Сазонаў. Аднапалчане накіравалі яму пісьмо: “Посылаем Вам горячий привет с земли Белорусской, политой кровью наших воинов. На очередную встречу мы приехали с разных концов бывшего Советского Союза и благодарны жителям Германович, особенно организатору встречи Аде Райчёнок.  На карте боевого пути полка, присланной Вами, мы расписались, сделали свои отметки после уточнения по размещению огневых позиций и командного пункта, а памятнику погибшим возложили венки. Посидели, вспомнили однополчан и Вас — нашего любимого командира”.

Праз год, на трэцюю сустрэчу аднапалчан 1 ліпеня 1986 года сабраліся каля 30 былых воінаў, а таксама сваякі загінуўшых зенітчыкаў. Старшынёй Савета ветэранаў 1406 ЗАП быў абраны Газізаў Агзам Гізатавіч. На месцы, дзе падчас баёў 1—2 ліпеня 1944 года знаходзіўся камандны пункт палка, была ўсталявана стэла ў гонар загінуўшых зенітчыкаў. Фота 2

Было вырашана заснаваць у гісторыка-краязнаўчым школьным музеі пакой баявой славы 1406 ЗАП, а таксама звярнуцца ў Міністэрства абароны СССР з просьбай аб усталяванні 37-мм зенітнай гарматы на месцы былых баёў у в. Германавічы.

Наступная сустрэча была прымеркавана да 45-годдзя вызвалення Шаркаўшчынскага раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і адбылася 1—2 ліпеня 1989 года. З нагоды 45-й гадавіны вызвалення Германавіч ад нямецка-фашысцкіх акупантаў 1 ліпеня 1944 года быў усталяваны памятны знак “Зенітная гармата часоў Вялікай Айчыннай вайны”. Каля падножжа – мемарыяльная дошка з надпісам “У гонар воінаў 1406 зенітна-артылерыйскага палка гвардыі маёра Івана Сазонава ”.

Адбылося таксама адкрыццё пакоя баявой славы 1406 ЗАП. Былыя воіны-зенітчыкі перадалі ў музей свае ўспаміны, матэрыялы аб баявым шляху палка, фотаздымкі, дакументы. За перыяд з 1986 па 1989 год дзякуючы Савету ветэранаў і яго старшыні Агзаму Газізаву, клубу “Чырвоныя следапыты”  Германавіцкай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам Ады Райчонак былі знойдзены звесткі амаль аб усіх аднапалчанах, усталявана сувязь са сваякамі загінуўшых зенітчыкаў і тых салдат і афіцэраў, якіх не стала ў пасляваенны час. Сапраўды, ніхто не быў забыты, і нішто не было забыта.

Ветэраны-зенітчыкі сталі ўдзельнікамі мітынга, прысвечанага вызваленню Шаркаўшчынскага раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, у Шаркаўшчыне.

Апошні раз зенітчыкі сустрэліся ў Германавічах 1 ліпеня 1994 года. Пасля распаду Савецкага Саюза былі пэўныя складанасці з арганізацыяй сустрэчы. Акрамя гэтага, шмат хто з былых воінаў палка ўжо пайшоў з жыцця. Удзельнікамі пятай сустрэчы сталі: Мікалай Дубоўчанка (гарматны нумар 2-й батарэі), Агзам Газізаў (гарматны нумар 3-й батарэі), Іван Маскавец (камсорг), Пётр Вастранкоў (намеснік камандзіра батарэі 1782 ЗАП 118-й дывізіі Адэскай ваеннай акругі, аўтар “Гісторыі 1406 ЗАП”), Гайнан Рамазанаў (шафёр зенпульроты), Кашфула Абдрахманаў (шафёр 3-й батарэі).

Гэта сустрэча пацвердзіла, што гісторыя палка не заканчваецца, а прадаўжаецца ў справах нашчадкаў! Памятайце, што подзвіг мінулых пакаленняў адмене не падлягае! Хто загінуў за свабоду, пайшоў з жыцця, змагаючыся за лепшае, годнае, той не памёр!” Гэтыя словы змешчаны ў “Гісторыі 1406 ЗАП”, напісанай Пятром Вастранковым, саслужыўцам у пасляваенны час былога камандзіра 2-й батарэі Сяргея Прохарава.

Зенітчыкі

Баявы шлях Агзама Газізава

Агзам нарадзіўся 5 мая 1925 года у вескі Нова-Хусаінава, Даўлеканаўскага раёна, Башкірскай АССР. Камандзір палка Іван Сазонаў успамінае пра свайго аднапалчаніна:

«…Падчас фарміравання палка прыбыла асноўная група шафёраў, у якіх не было добрай спецыяльнай ваеннай падрыхтоўкі. Ім асабліва цяжка дасталася служба. Справа ў тым, што многія з іх былі невялікага росту і не даставалі нагамі да педаляў аўтамашыны “Студэбекер”. Для такіх рабілі драўляныя накладкі да педаляў. А некаторыя з іх падкладвалі на сядзенне чурку, каб бачыць дарогу з-за руля аўтамашыны Додж. Уявіце сабе наколькі было камфартабельна, седзячы на палене весці аўтамашыну з людзьмі, маючы на прычэпе яшчэ гармату, па франтавых калдобінах дарогі.

Але раз ужо ўспомніў пра яго, то павінен сказаць: што радавы Газізаў, як і іншыя, мужна пераадолеў усе цяжкасці шафёра і салдата, а затым у батарэі быў гарматным нумарам, збіваў самалёты, праявіў у баях адвагу, словам «прайшоў агонь і ваду», а пасля перамогі ўпарта вучыўся і яго, як здольнага, перавялі ў вайсковы штаб. Ён скончыў службу на пасадзе раённага ваеннага камісара, у званні падпалкоўніка. І ўсё гэта заўважце сваёй працай, сваім розумам. Сапраўды падпалкоўнік Агзам Гізатавіч Газізаў нясе сваю эстафету з высокай вартасцю савецкага патрыёта».

З 1956 да 1975 гг. (19 гадоў) Агзам Газізаў  праслужыў у ваенных камісарыятах Каўрова і Уладзімірскай вобласці. Менавіта ім сабраны і сістэматызаваны матэрыялы па пошуку ветэранаў 1406 зенітна-артылерыйскага палка. Як старшыня Савета ветэранаў палка быў актыўным удзельнікам і ініцыятарам сустрэч былых воінаў у другой палове 80-х, першай палове 90-х гадоў у Германавічах. Ен памёр у 2006 годзе.

Жыццевы шлях Міхаіла Дзярабіна

Міхаіл Дзярабін нарадзіўся ў 1910 у Архангельскай вобласці. Скончыў лясны тэхнікум, працаваў старшынёй калгаса. Калі пачалася вайна, Міхаіл Аляксеевіч падаў заяву з просьбай накіраваць яго на фронт. За баі пад Масквой быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны. З красавіка 1943 года Дзярабіна прызначылі парторгам 1406 зенітна-артылерыйскага палка, які 15 кастрычніка накіраваўся на фронт. Пачаліся баявыя будні: крок за крокам зенітчыкі вызвалялі ад захопнікаў акупіраваныя гарады і вёскі Калінінскай, Смаленскай абласцей.

З 26 мая па 3 чэрвеня 1944 года Міхаіл Аляксеевіч атрымаў кароткатэрміновы водпуск. Ён распланаваў гэты тыдзень так, каб пабыць з дзецьмі, наведаць усіх сваякоў. Гэта была іх апошняя сустрэча.

Міхаіл Дзярабін прыбыў у полк да пачатку грандыёзнага наступу. 23 ліпеня, пасля папярэдняй артылерыйскай падрыхтоўкі, пачалася аперацыя “Баграціён”.

Падчас бою з нямецкай авіяцыяй у Германавічах 1 ліпеня 1944 года загарэлася штабная машына. Дзярабін разумеў, што там знаходзіцца сцяг палка і рвануўся, каб выцягнуць яго з-пад абломкаў ашалёўкі кузава. Новыя выбухі бомбаўзабралі жыццё героя.

Калі б не вайна, ён, як вельмі адказны і працавіты чалавек, мог бы зрабіць вельмі шмат для сваёй сям’і, Радзімы. Не засталіся б без бацькі дзеці, была б шчаслівай яго жонка. Але праклятая вайна распарадзілася па-свойму. Ён пайшоў туды, адкуль не вяртаюцца. У той час Міхаілу Дзярабіну было яшчэ толькі 34 года. Дома яго чакалі жонка, дзве дачкі Валянціна і Аля і малодшы сын Мікалай.

Жыццёвы шлях Міхаіла Дзярабіна служыць прыкладам для ўсіх нас, вучыць любіць радзіму, свой народ і ў цяжкую хвіліну стаць на яго абарону.

Алена АНАНІЧ, фота аўтара і з архіва школьнага музея. (Працяг тэмы ў наступным выпуску праекта)