У нашай краіне становяцца ўсё больш актуальнымі праблемы злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Актывізацыя кіберзлачынстваў адбываецца на фоне штогадовага росту колькасці абанентаў сотавай сувязі, уладальнікаў банкаўскіх картак, а таксама карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт.
Пра гэта ішла гаворка ў мінулую сераду з жыхарамі аграгарадка Більдзюгі ў мясцовым сельскім Доме культуры. На сустрэчу з жыхарамі ў межах адзінага дня інфармавання насельніцтва прыехалі начальнік раённага аддзела следчага камітэта Юрый Кавалёнак і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома.
— У мінулым годзе ў Шаркаўшчынскі раённы аддзел следчага камітэта паступіла 19 заяў і паведамленняў аб крадзяжах з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, што склала 17,6 працэнта ад агульнай колькасці заяў, якія паступілі за 2020 год, — паведаміў Юрый Вінальевіч. — За 4 месяцы 2021 года паступілі 3 такія заявы.
Пачасціліся выпадкі крадзяжу грашовых сродкаў з банкаўскіх рахункаў, доступ да якіх забяспечваецца пры выкарыстанні банкаўскіх пластыкавых картак.
На гандлёвых пляцоўках “Куфар”, “Барахолка” і іншых правапарушальнікі знаходзяць аб’явы, размешчаныя карыстальнікамі, аб продажы маёмасці, пасля чаго пішуць дадзенаму карыстальніку з прапановай набыць яе. Тлумачыць, што па розных прычынах не маюць магчымасці прыехаць, каб забраць пакупку. Маляры прапаноўваюць правесці разлік пераводам грашовых сродкаў на банкаўскую пластыкавую картку карыстальніка і высылаюць на яго адрас адпаведную спасылку. Так па адпрацаванай схеме карыстальнік банкаўскай карткі пазбаўляецца сваіх грашовых сродкаў на карысць махляроў.
Юрый Вінальевіч адзначыў, што цяпер камп’ютарныя тэхналогіі імкліва пранікаюць ва ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека. З аднаго боку, гэта карысна, а з іншага — небяспечна.
Сучасны свет характарызуецца глабальнымі дынамічнымі працэсамі. Удасканальванне інфармацыйнай сферы і забеспячэнне яе бяспекі стала адным з асноўных момантаў, якія ўплываюць на грамадскае і дзяржаўнае развіццё нашай краіны. У гэтай сувязі ў Рэспубліцы Беларусь надаецца вялікая ўвага забеспячэнню інфармацыйнай бяспекі. Як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка падчас працы VI Усебеларускага народнага сходу, важна не толькі больш актыўна выяўляць незаконную дзейнасць парушальнікаў, але і актыўна павышаць інфармацыйную адукаванасць насельніцтва.
Сяргей РАЙЧОНАК.
