Дарога стала сэнсам жыцця

Общество

Чалавек, улюбёны ў сваю прафесію, аддае ёй сябе спаўна, прысвячае абранай справе жыццё.

Гэта цалкам адносіцца да вадзіцеля ўнітарнага камунальнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргея Маляўкі (на здымку). Як і шматлікія юнакі, у маладосці ён захапіўся тэхнікай. Атрымаў вадзіцельскае пасведчанне і стаў працаваць шафёрам аўтамабіля ЗІЛ у райсельгасхіміі — развозіў па калгасных палетках даламітавую муку.

— У жніўні 1986 года мяне і яшчэ чатырох шаркаўчан накіравалі на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — успамінае Сяргей. — Трапілі ў Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці. Нам выдзелілі тэхніку, аналагічную той, на якой працавалі ў шаркаўшчынскай райсельгасхіміі. На працягу двух тыдняў уносілі на забруджаныя палеткі даламітавую муку, разам з іншымі ліквідатарамі змагаліся з наступствамі тэхнагеннай катастрофы.

Шмат год Сяргей Маляўка працуе ва УКП ЖКГ. За мужчынам замацаваны грузавы аўтамабіль МАЗ, які выкарыстоўваецца для асенізатарскіх мэт, а з нядаўняга часу па распараджэнні кіраўніцтва прадпрыемства ён яшчэ вадзіцелем легкавога аўтамабіля.

— Спраў хапае заўсёды, — працягвае Сяргей. — Гэта і камандзіроўкі па вобласці і краіне, аператыўныя выезды на ліквідацыю аварыйных сітуацый на цеплатрасах, водаправодах. Нават у выхадныя дні заўсёды трэба быць на сувязі з дыспетчарам, аператыўна рэагаваць на звароты, якія паступаюць ва УКП ЖКГ. Тым не менш, прафесію сваю я люблю, як і дарогі, па якіх еду штодзённа, бо гэта справа стала сэнсам майго жыцця.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.