Новы год — сямейнае свята. Пасля навагодняга віншавання Прэзідэнта нашай краіны, пад звон курантаў і пырскі шампанскага, шаркаўчане выказваюць адзін аднаму самыя найлепшыя пажаданні, а затым многія з іх накіроўваюцца да раённага Дома культуры, дзе штогод ладзіцца навагодняе гулянне. Сёлета над Шаркаўшчынай, здаецца, усё неба было азорана феерверкамі. А яшчэ гэта свята звязана з казачнымі Дзедам Марозам, Снягурачкай і рознымі іншымі персанажамі, а таксама з падарункамі. Нягледзячы на тое, што надвор’е было зусім не зімовае, каля цэнтральнай гарадской ёлкі панавала святочная атмасфера. Падчас канцэртнай праграмы, пачуўшы вясёлую музыку, песні, кідаліся ў скокі дзеці і бацькі, вясёлыя скамарохі.
Карэспандэнты нашай газеты пацікавіліся ў шаркаўчан і гасцей раённага цэнтра, якія прыйшлі на навагодняе гулянне 31 снежня да гарадской ёлкі каля РДК, з якім настроем яны сустракаюць Новы 2014-ы год?
Людміла Сомава, навуковы супрацоўнік раённага цэнтра рамёстваў:
— Мы ўсёй сям’ёй пасля сустрэчы Новага года збіраемся потым каля цэнтральнай гарадской ёлкі. Яркія агні, гірлянды і ілюмінацыя радуе вока, уздымае настрой. Прыемна сустрэць тут сваіх сяброў, знаёмых.
Уладзімір Пучынскі, прыватны прадпрымальнік:
— Хоць мы прытрымліваемся той думкі, што Новы год — гэта сямейнае свята, але заўсёды знаходзім магчымасць пабываць каля ёлкі РДК, палюбавацца зблізу салютам.
Андрэй Лысёнак, майстар цеплаэнергетыкі УКП ЖКГ:
— З году ў год мы з сябрамі, як і мноства шаркаўчан, заўсёды сустракаемся ў навагоднюю ноч каля цэнтральнай гарадской ёлкі, каб чарговы раз палюбавацца святочным убранствам нашага райцэнтра. Асабліва запамінаецца святочны феерверк, які пакідае шмат уражанняў на увесь будучы год.
Яна Буднік, студэнтка універсітэта культуры і мастацтваў:
— Навагодняя ноч заўсёды казачная і чароўная. Святочнае ўбранства нашага раённага цэнтра хоць і не такое шыкоўнае як у Мінску, тым не менш, мае свае адметнасці сярод якіх, у першую чаргу, цэнтральная ёлка. Сёлета яна упрыгожана вялікімі бліскучымі шарамі і новай ілюмінацыяй. Што і казаць, свята адчуваецца нават нягледзячы на адсутнасць снегу.
Кацярына Галубіна, пенсіянерка:
— Мне заўсёды цікава паглядзець феерверк. Вось і цяпер прыйшла са сваімі дзецьмі і ўнукамі, каб палюбавацца прыгажосцю пад небам Шаркаўшчыны. З нецярпеннем чакаю той хвіліны.
Анастасія і Дзмітрый Маслаковы, жыхары абласнога цэнтра:
— Мы жывём у Віцебску, а мае бацькі, — кажа Насця, — шаркаўчане. Кожны Новы год мы сустракаем з імі разам. І абавязкова ходзім на раённую ёлку. Тут бачымся з сябрамі, знаёмымі. Вельмі прыемна акунуцца ў атмасферу дзяцінства каля навагодняй ёлкі, павадзіць карагоды…
Вадзім Казлоўскі, настаўнік Іёдскай ДС-СШ:
— Як заўсёды, ад Новага года чакаем змяненняў у лепшы бок ва ўсіх сферах нашага жыцця. А яшчэ хочацца снегу і марозу, каб адчуць сапраўдную зіму.
Анатолій Кандраценка, індывідуальны прадпрымальнік з Мінска:
— 2013 год быў годам стабільнасці, надзейнасці. Думаецца, што ў новым годзе будзе забяспечана раўнавага і ўстойлівасць на фінансавым рынку. А сустракаць Новы год у бацькоўскім доме, куды мы, браты, збіраемся разам са сваімі сем’ямі, вельмі прыемна. Тут, на свяце, бачу знаёмых людзей, усім весела, і ты атрымліваеш зарад энергіі і хочацца самому ўліцца ў гэту атмасферу цяпла і дабрыні.
Міні-апытанне правялі Сяргей РАЙЧОНАК і Кацярына СОСНА.
Відэа: карагод каля ёлкі





