Чалавек і яго справа: Жанна Уладзіміраўна Палягошка

Актуальное

Як вядома, сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў прайшла аптымізацыя. У сувязі з гэтым ліквідуецца Валожынскі сельсавет і далучаецца да Іёдскага. Але па-ранейшаму будзе працаваць на дадзенай тэрыторыі і займаць пасаду галоўнага спецыяліста толькі ўжо ў Іёдскім выканкаме сельскага Савета Жанна Уладзіміраўна Палягошка.
За пяць гадоў працы на пасадзе сакратара, затым выконваючага абавязкі старшыні выканкама Валожынскага сельсавета, яна добра асвоіла гэту прафесію і спецыфіку работы. Трэба нагадаць, што Жанна Уладзіміраўна 22 гады адпрацавала педагогам у Амбросенскай базавай школе, з іх 9 — дырэктарам гэтай навучальнай установы.
— Раней працавала з дзецьмі, цяпер даводзіцца весці справы з іх бацькамі і ўжо дарослымі маімі вучнямі, — прызнаецца Жанна Уладзіміраўна. — На тэрыторыі ўжо былога Валожынскага сельсавета размешчаны 27 населеных пунктаў, дзе пражываюць 680 гаспадароў. Найбольш буйныя — аграгарадкі Пялікі і Наваселле. Адзінокапражываючых 200 чалавек.У кожнага жыхара свае праблемы, задачы, патрабаванні. З любымі пытаннямі яны звяртаюцца да нас. Стараемся вырашаць іх станоўча.
За мінулы год урачыста звязалі свае лёсы вузамі Гіменея 5 маладых пар, нарадзілася 20 немаўлятак. 28 чалавек адыйшло ў свет іншы.
Вяскоўцы трымаюць на ўласным падворку 195 кароў, 200 авечак, маладняк буйной рагатай жывёлы, ёсць коні, козы, птушкі, больш як 400 пчоласем’яў. Праблем з выпасам жывёлы не існуе. Апрацоўка агародаў вяскоўцаў адладжана, многія надзелы вынесены ў палі севазвароту.
Для захавання парадку на тэрыторыі Іёдскага сельсавета працуе ўчастковы інспектар С. Г. Дарашчонак. Пры сельсавеце створана дабраахвотная дружына ў колькасці 12 чалавек, дзейнічае пункт грамадскага парадку.
Звычайна такой зімовай парой узнікаюць праблемы з палівам. Сёлета з-за цёплай зімы іх не існуе.
Жанна Уладзіміраўна вельмі ўважліва адносіцца да выканання сваіх абавязкаў, ветлівая з людзьмі, ніякіх уласных праблем не выносіць “на суд” наведвальнікаў. З такой жа ўвагай, як да дзяцей у школе, адносіцца і да дарослых жыхароў сельсавета. У сям’і Палягошкаў выхоўваюцца дзве дачкі-студэнткі, якія выбралі сабе прафесію педагога, як і іх маці раней.
Жанна Уладзіміраўна добра разумее адно: у гэтым свеце трэба хоць крышку аддаваць, а не толькі браць ад жыцця.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *