Пры археалагічных раскопках знаходзяць прадметы, часцей за ўсё, зробленыя з гліны. А з развіццём масавай прамысловай вытворчасці таннага посуду, ганчарнае мастацтва страціла сваю папулярнасць і працягвала развівацца толькі дзякуючы творчасці тых майстроў, якія захоўвалі традыцыі народнай керамікі. Да ліку такіх адносіцца і Таццяна Лаўрыновіч з вёскі Буеўшчына. Яшчэ ў школьныя гады дзяўчына зацікавілася лепкай з гліны. А калі закончыла школу, то вырашыла набыць спецыяльнасць, якая дазваляла б працаваць з глінай на прафесійнай аснове.
Крыху больш як два гады назад дзяўчына скончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж і атрымала спецыяльнасць “вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі”. Таццяне вельмі падабаецца гэта справа. Не раздумваючы яна паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава на мастацка-графічны факультэт.
Таццяна робіць розныя вырабы з гліны, якая нібы грае ў яе руках. І кожны раз атрымліваюцца цікавыя рэчы. А сыравінай для вырабу дзеліцца з ёй Сяргей Рымдзёнак — дырэктар Дома ганчара з Германавіч. Гатовыя вырабы Таццяна Лаўрыновіч дастаўляе туды ж, для абпальвання ў спецыяльнай печы, бо ў Цэнтры рамёстваў, дзе яна працуе, такога абсталявання няма.
Сваё майстэрства дзяўчына перадае дзецям — вядзе гурток пад назвай “Гліняная цацка”, які наведваюць вучні школ раёна.
Майстрыца — пастаянная ўдзельніца розных выстаў, якія праводзяцца ў раёне і вобласці. І ўсюды рэчы, зробленыя яе рукамі, карыстаюцца попытам.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
